Наталля Лукашэвіч: Патрэбныя перамены ў розных сферах



Аб’яднаная грамадзянская партыя вылучыла на партыйным з’ездзе на выбары ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 70 чалавек.

Наталля Лукашэвіч

У Гародні такім чынам вылучаны новыя людзі, якія да гэтага часу не ўдзельнічалі ў выбарах – гэта Наталля Лукашэвіч і Віктар Данільчык:

– Лічу, што патрабуюцца змены для паляпшэння жыцця – эканамічныя, палітычныя. Я маці дваіх дзяцей, я жадаю сваім дзецям лепшай будучыні, для гэтага патрэбныя перамены ў розных сферах – палітычнай, эканамічнай, адукацыйнай. Дзеля гэтага і вырашыла балатавацца, бо заканадаўства трэба мяняць.

Віктар Данільчык

Віктар Данільчык:

– У кампаніі 2016 года я вырашыў ісці, бо з’яўляюся прадпрымальнікам, а ў нашым прадпрымальніцкім асяродзі зараз вельмі вялікая праблема. Адна з маіх праграм, па якой я менавіта іду ў дэпутаты, гэта праблема прадпрымальніцтва, адпаведна развіццё прадпрымальніцтва ў Беларусі, а таксама дапамога ў развіцці і станаўленні прадпрымальнікаў.

Апроч актывістаў, што ўпершыню ўдзельнічаюць у палітычнай барацьбе, дэпутатам у Гародні паспрабуе стаць актывіст АГП з Астраўца Іван Крук, які ўдзельнічае ў выбарах з 1996 года.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня