Наталля Пінчук: Суд паказальны, бо праваабаронцы – самы небяспечны вораг для рэжыму ў Беларусі



У Ленінскім раённым судзе Менску 5-га студзеня пачаўся разгляд справы супраць праваабаронцаў. На лаве падсудных лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, старшыня ПЦ “Вясна” –  Алесь Бяляцкі, ягоны намеснік – Валянцін Стэфановіч, юрыст “Вясны” – Уладзімір Лабковіч. Утрымліваюцца яны пад вартай з 14 ліпеня 2021 года. Па гэтай справе праходзіць і праваабаронца Зміцер Салаўёў, які раней паспеў з’ехаць з Беларусі.

“Госця Рацыі” – Наталля Пінчук – жонка палітвязня, праваабаронцы, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру –  Алеся Бяляцкага.

РР: Праваабаронцаў абвінавачваюць у “кантрабандзе” – незаконным перамяшчэнні наяўных грашовых сродкаў у буйным памеры, арганізаваным групай. Вашыя меркаванні наконт гэтых закідаў.

Наталля Пінчук: Нягледзячы на тое, што суд цягнуўся дастатковы час, мы бачым, што пацвярджэнняў гэтым абвінавачанням на судзе не прагучала. А прагучалі наадварот абвяржэнні. Таму па сутнасці тое, што ставіцца ў віну “вясноўцам”, ніякім чынам на фактах не падмацавана. Але мы ведаем, што ў нас суды судзяць па надуманых абвінавачаннях. І спадзявацца на нейкія змены не выпадае.

РР:  У вас ёсць кантакт з Алесем?

Наталля Пінчук: У нас у асноўным кантакт праз ліставанне. Іншая справа, што гэтае ліставанне амаль што спынілася падчас разгляду гэтай справы. Справа ў тым, што Алесь зараз вельмі заняты і ён, відаць, не можа вылучыць шмат часу, каб пісаць лісты. Гэта па-першае. А па-другое, я па папярэднім досьведзе мяркую, што ён не змог бы нічога пісаць пра тое, як ідуць ягоныя справы ў сілу таго, што цэнзары не прапускаюць падобнага роду лістоў, асабліва ад яго.

РР: Можа ёсць у вас інфармацыя, як трымаюцца праваабаронцы?

Наталля Пінчук: Мяркуючы па характарыстыках збоку, гавораць, што трымаюцца яны мужна, годна, даюць адпор непраўдзівым абвінавачванням. Я ведаю і чула таксама, што Алесь актыўна абараняе права ўжываць беларускую мову на судовым працэсе, тым самым адстойваючы гэтае права на сваёй зямлі, на сваёй Радзіме, у Рэспубліцы Беларусь гаварыць па-беларуску і весці дыялог па-беларуску. Мы бачым, што ўлады мала таго, што не гарантуюць, яны гэта амаль не дазваляюць.

РР: Суддзя Марына Запаснік, здаецца, не задаволіла хадайніцтва, каб працэс ішоў на беларускай мове?

Наталля Пінчук:  Так, хадайніцтва не было задаволена.

РР: Учора пракурор Аляксей Кароль запрасіў праваабаронцам тэрміны ад 9 да 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ці ёсць у вас спадзяванні на больш мяккі прысуд?

Наталля Пінчук: Не. У мяне надзеі няма. Я і разумела, што будзе максімальны тэрмін прысуджаны. Чаму? Мы ж ведаем нашую судовую сістэму. А па-другое, гэты суд не проста адкрыты. Ён – паказальны. Паказальны ў тым плане, хто з’яўляецца самым страшным і небяспечным ворагам для цяперашніх уладаў Беларусі – гэта праваабаронцы. Таму яны закаваныя ў кайданкі і сядзяць  на працэсе ў гэтых кайданках. Улады зрабілі яго “паказальным” для беларускага народу, каб прадэманстраваць, што тыя, хто абараняў вашыя правы, зараз гэта зрабіць не змогуць. Яны за гэта пакараныя. Такім чынам караецца сам прынцып дапамогі і падтрымкі чалавека чалавекам у нашым грамадстве. Акрамя таго, гэта пасыл і сусветнай супольнасці, якая прызнала Алеся Нобелеўскім лаўрэатам. І гэта ігнараванне думкі супольнасці, гэта ігнараванне дэмакратычных каштоўнасцяў і ігнараванне нацыянальных каштоўнасцяў. Гэта ўсё на судовым працэсе дэманструюць сённяшнія ўлады.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя