„Сапраўдная Беларусь — свабодная, адкрытая, якая робіць еўрапейскі выбар” (абноўлена)



31 жніўня ў Осла адбылася Нобелеўская канферэнцыя міру–2023, якая сёлета адзначае дасягненні праваабаронцаў, вызначае рызыкі, з якімі яны сутыкаюцца, і заклікае да дзеянняў у падтрымку іх працы. На ёй выступілі лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру (Шырын Эбадзі, Рыгаберта Менчу Тум), маладыя актывісты, а таксама прадстаўнікі трох лаўрэатаў 2022 года — у тым ліку жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук

Напачатку свайго выступу Наталля Пінчук адзначыла, што, на жаль, заходні свет цяпер рэдка заўважае Беларусь:

„Таму падкрэслю: Беларусь — не Расія, і Лукашэнка — не Беларусь. Але сапраўдная Беларусь — свабодная, адкрытая, якая робіць еўрапейскі выбар. Гэта тыя самыя звычайныя людзі, якія зрабілі надзвычайныя рэчы ў 2020 годзе, здзівілі свет, калі мільёны беларусаў узялі ўдзел у мірных пратэстах супраць нахабна сфальсіфікаваных выбараў. І па-ранейшаму беларускае грамадства ненавідзіць дыктатуру, ніколі не пагадзілася на выкарыстанне тэрыторыі краіны Расіяй для агрэсіі супраць нашых добрых суседзяў-украінцаў, супраціўляецца гэтаму як можа”.

Наталля распавяла на канферэнцыі пра свайго палітзняволенага мужа Алеся Бяляцкага. Яна адзначыла, што ў 2021 годзе ён ведаў, што яго рана ці позна арыштуюць ізноў, аднак адчуваў сябе маральна абавязаным рабіць усё дзеля вызвалення ўжо ўвязненых калегаў-праваабаронцаў і паказваць прыклад іншым.

„Пасля арышту ўбачыць яго мне дазволілі толькі праз год. Спатканне было праз шкло. Алесь быў вельмі пазітыўны і аптымістычны, але разумеў, што яму пагражае. Не ведаю, калі мы ўбачымся зноў. Але яго маральна не зламаюць, бо ён мае пачуццё місіі. Яно дапамагло Алесю вытрымаць 10 гадоў таму папярэдняе лукашэнкаўскае зняволенне і падтрымлівае ягоны дух цяпер, калі ён у турме перасягнуў 60-гадовы ўзрост. Бо Алесь Бяляцкі з самага юнацтва, з часоў камуністычнай дыктатуры, прысвяціў жыццё барацьбе за фундаментальныя правы чалавека — права быць свабодным, права выбіраць уладу, права быць сабой”.

Наталля Пінчук заявіла, што, каб дагадзіць Пуціну Лукашэнка працягвае адбіраць у беларусаў усе правы, у тым ліку права на ідэнтычнасць:

„Закрытыя тысячы грамадскіх арганізацыяў, у тым ліку ўсе, якія займаюцца адраджэннем нацыянальнай культуры і мовы. Зняволеныя педагогі, пісьменнікі, журналісты, музыканты і мастакі. Так расчышчаецца прастора для выкарыстання Беларусі як пляцдарму для расейскага рэваншызму.

Беларускія праваабаронцы і іншыя адважныя людзі ў лукашэнкаўскіх вязніцах узятыя ў палон за жаданне бачыць сваю краіну свабоднай ад дыктатуры і расейскага паняволення”.

„Вясна”

***

Нобелеўская канферэнцыя міру 2023 адзначае дасягненні праваабаронцаў, вызначае рызыкі, з якімі яны сутыкаюцца, і заклікае да дзеянняў у падтрымку іх працы.

Сярод дакладчыкаў лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру (Шырын Эбадзі, Рыгаберта Менчу Тум), маладыя актывісты, а таксама прадстаўнікі трох лаўрэатаў 2022 года — у тым ліку жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук.

Канферэнцыя пройдзе сёння, 31 жніўня, з 14:00 да 18:00. Анлайн-трансляцыя мерапрыемства будзе па спасылцы.

вясна