Наталля Радзіна: Калі Еўразвяз і ЗША ўвядуць сапраўдныя моцныя санкцыі, гэта вызваліць палітвязняў



Галоўны рэдактар сайта Charter97.org – госця Беларускага Радыё Рацыя. Наталля Радзіна ўсё робіць для таго, каб паскорыць вызваленне беларускіх палітвязняў, асабліва жанчын. З нашай госцяй пра яе апошнюю нядаўнюю паездку ў Брусэль размаўляе Аліна Андрыевіч.

РР: Наталля, чым абумоўлены ваш візіт у Брусэль?

Наталля Радзіна: Мяне запрасілі выступіць на паседжанні камітэта па правах жанчын дэлегацыя па сувязях з Беларуссю. Гэтае паседжанне было прысвечанае правам жанчын, якія парушаюцца ў Беларусі. І я вырашыла на гэтым паседжанні казаць пра катаванні, якія і сёння ўжываюцца ў адносінах да жанчын-палітвязняў у беларускіх турмах. Я сказала, што гэта самая галоўная жаночая тэма, калі мы кажам пра гэта. І трэба сёння звярнуць увагу на тое, што адбываецца з нашымі жанчынамі ў турмах.

РР: У вашым артыкуле на Charter97.org, “Як катуюць жанчын у беларускіх турмах” вы паведамілі, што заклікаеце Еўразвяз узмацніць санкцыі супраць Лукашэнкі. Але Зянон Пазняк катэгарычна супраць санкцый і да гэтага часу. Як кажа Пазняк, менавіта праз санкцыі мы можам згубіць незалежнасць Беларусі, а адваёўваць яе вельмі будзе цяжка. Што вы можаце адказаць на такую пазіцыю аднаго са старэйшых палітыкаў?

Наталля Радзіна: Тут я ўвогуле нязгодная з Зянонам Пазняком. Мне здаецца, што гэта поўная бязглуздзіца, тое, што ён кажа адносна санкцыяў. Увогуле я паважаю, канешне, гэтага чалавека, але ў пытанні санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі ён не мае абсалютна ніякай рацыі.

Тое, што зараз адбываецца ў Беларусі, гэта вынік таго, што няма сапраўдных моцных санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. Калі на рэжым Лукашэнкі ціснуць адпаведным чынам, гэта дапаможа вызваліць людзей з турмаў. Таму што я сама сядзела ў турме, у адрозненне ад Зянона Пазняка, і я ведаю моц санкцыяў. Калі ў лютым 2011 года з боку Еўразвязу толькі пачалі яшчэ гучаць пагрозы пра ўвядзенні эканамічных санкцыяў, Лукашэнка адразу спужаўся, і частка людзей адразу была вызваленая. Вызваленая, праўда, пад падпіску аб нявыездзе, потым нас усё адно судзілі, але тым не менш гэта адразу паўплывала на рэжым. І потым ціск дазваляў вызваляць палітвязняў. Толькі пагрозы эканамічных санкцыяў дазвалялі вызваляць палітвязняў.

Узгадаем нават 2006 год, таксама былі ўведзеныя эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі з боку ЗША, гэта дазволіла вызваліць Аляксандра Казуліна з турмы і кандыдатаў у прэзідэнты. Менавіта толькі такім чынам.

І зараз, калі Еўразвяз і ЗША ўвядуць сапраўдныя моцныя санкцыі, гэта вызваліць людзей. Таму што тыя санкцыі, што ўведзеныя, яны не дастатковыя, яны масава абыходзяцца сёння. Мы ведаем гэтыя шляхі, і беларускія журналісты таксама праводзяць расследаванні і кажуць пра гэтыя шляхі. І з гэтай прычыны я заклікаю Еўразвяз дзе толькі можна ўзмацніць гэтыя санкцыі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя