Наталля Радзіна верыць у хуткі сыход Лукашэнкі



Нельга знішчыць усё, таму што супраць Лукашэнкі – увесь народ. У гэтым упэўнена галоўная рэдактарка парталу „Хартыя-97” Наталля Радзіна.

На яе думку, падзеі 14 ліпеня, масавыя ператрусы і затрыманні, сведчаць пра страх і агонію рэжыму:

– Зачысціць усіх у Лукашэнкі не атрымаецца. І чым раней ён і яго памагатыя гэта зразумеюць, тым лепш для іх самых. Бо ім пара бегчы з краіны. А тое, што яны сёння вытвараюць, усё гэтае бязмежжа, выкліча яшчэ больш жорсткую рэакцыю з боку Захаду і варта чакаць новых санкцый.

Наталля Радзіна лічыць, што падтрымка Пуціна для Лукашэнкі не можа быць вялікай, паколькі Расея не ў стане сёння ўтрымліваць рэжым у Беларусі. Яна не выключае, што рэжыму ў Беларусі застаўся прыкладна год:

– Калі мы будзем актыўнымі, калі мы будзем дзейнічаць, калі мы не спынімся пратэставаць, калі будуць правільныя дзеянні як з боку апазіцыі за мяжой, так і з боку людзей унутры краіны. Я спадзяюся, што гэта будзе. І я думаю, што ёсць шанец цягам года пакончыць з гэтым злачынным рэжымам. І зажыць нарэшце нармальным жыццём.

Радзіна лічыць, што Лукашэнка застаўся ў адзіноце і не мае ніякіх магчымасцяў працягнуць свой тэрмін. Пераслед грамадзянскай супольнасці яна называе “апошнімі сутаргамі” рэжыму.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя