Наталля Радзіна заклікала да салідарнасці з Беларуссю



“Сітуацыя са свабодай слова ў Беларусі – крытычная”, – кажа галоўны рэдактар сайта “Хартыя-97”  Наталля Радзіна. Усе тэлеканалы і радыё падпарадкаваныя дзяржаве, а большасць незалежных газет былі зачыненыя яшчэ ў пачатку 2000 гадоў. Пэўны час толькі інтэрнэт заставаўся дастаткова незалежным, але цяпер і гэта змяняецца.

“Так, сёлета 24 студзеня заблакавалі сайт “Хартыя-97”, які кожны месяц у сярэднім чыталі 2,5 мільёны ўнікальных наведвальнікаў з Беларусі, а за паўгода да блакіроўкі – чатыры мільёны ўнікальных наведвальнікаў”, – кажа Наталля Радзіна:

– Дзіўна чуць сёння ад польскіх журналістаў, што сітуацыя ў Беларусі нікому не цікавая, а ад польскіх палітыкаў, што яны не хочуць псаваць адносіны з рэжымам Лукашэнкі. Насамрэч гэта жудасная памылка, бо сёння з блакіроўкай незалежных інтэрнэт-сайтаў Беларусь пераходзіць пад татальны ўплыў расейскай прапаганды.  І гэта ўжо пытанне не толькі дэмакратычных каштоўнасцяў, свабоды слова, правоў чалавека, гэта пытанне бяспекі, у тым ліку бяспекі.

“Пасля пераследу незалежных журналістаў і незалежных інтэрнэт-рэсурсаў беларусы пераходзяць на расейскія сайты”, – працягвае рэдактар:

Агульна інфармацыйна сёння Беларусь гатовая да расейскай акупацыі, і гэта можа адбыцца ў кожны момант. Тады будзе зусім іншая сітуацыя, у якой Лукашэнка – ніякі не гарант незалежнасці Беларусі. Ён такі самы гарант незалежнасці Беларусі як, напрыклад, лідары самаабвешчаных рэспублік ДНР і ЛНР.

“Гэта тое, што адбываецца, калі няма сур’ёзнай міжнароднай рэакцыі на парушэнні правоў чалавека і пераслед свабоды слова ў Беларусі”, – адзначае Наталля Радзіна.

Яна прыгадвае і новы закон “Аб СМІ”, які дазваляе пераследаваць не толькі інтэрнэт-медыя, але і іх чытачоў, бо ўводзіць рэгістрацыю каментатараў сайтаў. “Такім чынам любога чалавека цяпер можна будзе пераследаваць”.

– Пачынаюцца крымінальныя справы на папулярных блогераў, пераследуюцца журналісты-фрылансеры, журналісты, якія працуюць на беларускія СМІ, што дзейнічаюць за мяжой: тэлеканал “Белсат”, Радыё Рацыя, сайт “Хартыя-97”.

“Таму нам сёння неабходна салідарнасць”, – дадала рэдактар Наталля Радзіна.

(Наталля Радзіна ўзяла слова падчас сустрэчы ў польскім Сейме з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі, якая адбылася 4 ліпеня ў Варшаве).

Беларускае Радыё Рацыя