Наталля Шарыпа: Не дапусцілі ў кандыдаты – пайду ў назіральнікі
Віцебская прадстаўніца руху “Маці 328” і прыхільніца кампаніі “Гавары праўду” Наталля Шарыпа спрабавала праз суд дамагчыся рэгістрацыі кандыдаткай у дэпутаты Парламенту. Яе не зарэгістравала акруговая камісія №20, але гэтае рашэнне не ўдалося аспрэчыць ні з дапамогай скаргі ў абласную выбарчую камісію, ні ў абласным судзе: суддзя Віцебскага аблсуда Марына Вострыкава пацвердзіла, што Наталлю Шарыпу не зарэгістравалі на законных падставах.
Наталля Шарыпа падала ў камісію 1 328 подпісаў за сваё вылучэнне, сабраных у камандзе з віцебскімі ўдзельніцамі руху “Маці 328”, якія прыйшлі падтрымаць яе і ў судзе. Камісія праверыла 350 подпісаў, і заявіла, што з іх больш за 70 з’яўляюцца несапраўднымі. Тады як у яе канкурэнта, рэктара Віцебскага ўніверсітэту Аляксея Ягорава, несапраўдным не прызнаны ніводзін подпіс, падкрэслівае праваабаронца, назіральнік у акруговай камісіі №20 Леанід Свецік:
– Я папярэдне напісаў заяву ў камісію, каб яны дазволілі мне прысутнічаць пры праверцы падпісных аркушаў і подпісаў. Мне адмовілі. І ў мяне няма даверу да аб’ектыўнасці ў праверцы подпісаў: так не бывае, што ў Ягорава – поўная чысціня, а тут такія вялікія хібы.
Несапраўднымі палічылі подпісы, дзе бракавала адной лічбы ў нумары пашпарту ці быў пераблытаны нумар кватэры. 18 подпісаў належалі людзям, якія не з’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусі. І ўсе яны нейкім цудам трапілі пад праверку, кажа Наталля Шарыпа:
– Як яны сабраліся ў адну кучу? Не я адна іх сабрала, у нас была каманда, іх сабралі ў розныя дні, яны былі на розных аркушах… і ўсе яны нейкім цудам апынуліся ў ліку 25 аркушаў, адабраных на праверку!
На думку праваабаронцаў, Наталлю Шарыпу не дапусцілі да ўдзелу ў выбарах знарок, бо яна мае аўтарытэт у гараджан – менавіта яна ініцыявала кампанію па зафарбоўцы рэкламы інтэрнэт-крамаў, што гандлююць наркатычнымі рэчывамі. Не атрымаўшы магчымасці стаць кандыдаткай у дэпутаты, Наталля Шарыпа абвясціла пра сваё жаданне стаць назіральніцай падчас парламенцкіх выбараў.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя