NATO прагназуе новы наступ расейскіх войскаў ва Украіне
NATO прагназуе падрыхтоўку новага наступу расейскага войска ва Украіне. Вывад войскаў з-пад Кіева з’яўляецца не адступленнем, а перагрупоўкай. Пра гэта заявіў 31 сакавіка ў Бруселі генеральны сакратар арганізацыі Енс Столтэнберг.

Спаслаўшыся на дадзеныя выведкі альянсу, Столтэнберг заявіў, што расейскія падраздзяленні не выводзяцца, а перамяшчаюцца на новыя пазіцыі. Масква спрабуе перагрупаваць іх, узмацніць і даўзброіць для наступу ў Данбасе. “Мы чакаем новых наступальных аперацый, якія прынясуць яшчэ больш пакут [жыхарам Украіны]”, – заявіў ён.
У аўторак Расея абвясціла, што значна скароціць ваенныя дзеянні ў раёне Кіева і Чарнігава на поўначы Украіны. Аднак адначасова з адводам войскаў, Масква інтэнсіфікавала авіяўдары і ўзмацніла ціск на Марыўпаль на поўдні краіны.
Беларускае Радыё Рацыя
