NATO значна павялічыць свае сілы на ўсходнім флангу альянсу



Старшыня Паўночнаатлантычнага Альянсу Енс Столтэнберг заявіў, што NATO значна павялічыць свае сілы на ўсходнім флангу альянсу.

„Мы значна павялічым нашы ўзброеныя сілы на ўсходнім флангу альянсу, якія будуць знаходзіцца ў вышэйшай ступені гатоўнасці. У іх будзе папярэдне разгорнутая тэхніка і матэрыялы. Мы павялічым колькасць нашай авіяцыі ў паветры і ўзмацнім супрацьпаветраную абарону. На моры ў нас будуць ударныя групы авіяносцаў, падводных лодак і значная колькасць караблёў у баявой гатоўнасці. Мы таксама ўмацуем нашу кібербяспеку», — сказаў Енс Столтэнберг.

Лідары альянсу выступілі з сумеснай заявай падчас экстранага саміту ў Бруселі. У ёй прадстаўнікі NATO заклікалі Пуціна неадкладна спыніць агонь і перайсці да канструктыўных перамоваў, а Беларусь – перастаць саўдзельнічаць у агрэсіі. NATO выказала поўную салідарнасць з Украінай, народам Украіны і прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Таксама прагучалі заклікі да Кітаю і іншых краін не падтрымліваць ваенную агрэсію Расеі і не аказваць дапамогу ў абыходзе санкцый.

Лідары краін NATO паабяцалі аказваць далейшую як палітычную, так і практычную падтрымку Украіне ў кібербяспецы, абароне ад хімічнай, біялагічнай, радыелагічнай і ядзернай пагроз.

Фота: NATO/Jan VAN DE VEL/Pool