Натуралізаваныя грамадзяне Беларусі могуць быць пазбаўленыя грамадзянства за экстрэмізм
Натуралізаваныя грамадзяне Беларусі могуць быць пазбаўленыя грамадзянства за экстрэмізм. Такая норма ўтрымліваецца ва ўказе № 302, які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 5 жніўня.
Дакумент уносіць змены ў іншыя ўказы і прыняты з мэтай развіцця апошніх паправак у закон „Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь”, паведаміла прэс-служба Лукашэнкі.
Дадаткова замацоўваюцца парадак унясення матэрыялаў аб страце беларускага грамадзянства натуралізаванымі асобамі за ўдзел у экстрэмісцкай дзейнасці або прычыненне цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі і працэдура спынення разгляду заяў аб набыцці грамадзянства ў выпадках, прадугледжаных названым законам.
Указам „урэгуляваныя працэдурныя пытанні, звязаныя з увядзеннем такога новага інстытута, як аднаўленне ў грамадзянстве, а таксама з пашырэннем катэгорый замежнікаў і дзяцей, якія атрымалі права на набыццё грамадзянства ў спрошчаным парадку”.
Акрамя таго, з улікам увядзення біяметрычных дакументаў, якое мае адбыцца, актуалізаваныя ўсе пералікі дакументаў, якія падлягаюць прадстаўленню заяўнікамі ў мэтах набыцця або спынення грамадзянства, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.