Наўмысна псуюцца агітацыйныя матэрыялы кандыдата



У Бярозаўскім раёне наўмысна псуюцца перадвыбарчыя каляровыя плакаты кандыдата ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Валянціна Лазарэнкава, зробленыя за ўласныя грошы кандыдата.

Чорна-белыя маленькія ўлёткі праўладнай кандыдаткі Наталлі Голуб прайграюць на фоне плакатаў Лазарэнкава. Таму на плакатах Лазарэнкава сярод белага дня ў Кабаках выразаны канцылярскім нажом твар, а ў вёсцы Ціхны аб’явай Першамайскага сельвыканкама наўмысна заклеена яго праграма.

Давераная асоба Валянціна Лазарэнкава Валер Білібуха ўпэўнены, што да гэтага спрычыніліся старшыня Першамайскага сельвыканкама Людміла Паследняя, у мінулым настаўніца, і сябра выбарчай камісіі, былы міліцыянт Дзмітрый Гукін:

– Як мне сказалі людзі, прычапілі яны наглядную агітацыю. Пасля іхнага візіту сапсаваны здымак Лазарэнкава. Можна сказаць адзін і той жа почырк, што адрэзваўся скотч і твар на плакаце Лазарэнкава Валянціна Дзмітрыевіча.

Паводле доўгатэрміновага назіральніка кампаніі «Праваабаронцы за справядлівыя выбары», сябра праваабарончага цэнтра «Вясна» Сяржука Русецкага, такія дзеянні караюцца законам:

– 45 артыкул Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь устанаўлівае, што заклейванне, замазванне, зафарбоўванне, пашкоджанне агітацыйных матэрыялаў кандыдатаў у дэпутаты забаронена, і прадугледжаная адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам.

Па словах Валеры Білібухі, старшыня Малецкага сельвыканкама Людміла Саламанюк прылюдна сарвала перадвыбарчы плакат кандыдата Зінчанка і загадала яго плакат больш не вешаць. Але ніхто не будзе шукаць вінаватых і караць іх, таму што антызаконныя дзеянні ўчыненыя ў адносінах да апазіцыі.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя