Наўседа паабяцаў Дуду дапамогу ў стрымліванні мігрантаў
Літва гатовая аказаць Польшчы дапамогу ў стрымліванні наплыву нелегальных мігрантаў з Беларусі, заявіў літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа ў тэлефоннай размове з польскім калегам Анджэем Дудам.
„Маштаб гібрыднай атакі з боку беларускага рэжыму беспрэцэдэнтны. Мы павінны заставацца адзінымі і салідарнымі. Літва гатовая супрацоўнічаць з Польшчай і ўсімі магчымымі сродкамі спрыяць пераадоленню гэтага крызісу”, — цытуе Наўседу яго група па пытаннях камунікацыі.
Кіраўнікі Літвы і Польшчы „дамовіліся падтрымліваць сувязь, рэгулярна абменьвацца інфармацыяй аб сітуацыі на мяжы з Беларуссю і каардынаваць дзеянні”.
Як паведамлялася, Міністэрства ўнутраных спраў Літвы прапанавала ўвесці надзвычайнае становішча на мяжы з Беларуссю ў сувязі з высокай канцэнтрацыяй мігрантаў на беларуска-польскай мяжы.
Раніцай 8 лістапада ў тэлеграм-каналах з’явіліся відэазапісы таго, як вялікая калона мігрантаў рухалася ўздоўж трасы да мяжы з Польшчай. Іх суправаджалі людзі ў камуфляжнай форме.
Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі заявіў, што „на такі крок адчаю бежанцаў падштурхнула абыякавасць і бесчалавечнае стаўленне польскіх уладаў”. „Беларускім бокам прымаюцца неабходныя меры для забеспячэння бесперабойнага функцыянавання каналаў міжнародных зносін, а таксама бяспекі людзей, якія рухаюцца па аўтамагістралі”, — адзначылі ў камітэце.
Сітуацыя на беларуска-польскай мяжы застаецца вельмі напружанай, заявіла прэс-служба Дзяржпагранкамітэта каля 17.45 у сваім тэлеграм-канале.
„Перад польскімі загародамі на лініі мяжы знаходзяцца больш як дзве тысячы бежанцаў, у тым ліку значная колькасць жанчын і дзяцей, — сцвярджаюць у ведамстве. — Паводле слоў замежнікаў, канчатковай мэтай іх маршруту з’яўляецца ЕС, дзе яны хочуць звярнуцца з хадайніцтвам аб атрыманні абароны, а тэрыторыю Рэспублікі Беларусь яны не разглядаюць як месца знаходжання”.
„Бежанцы неаднаразова спрабавалі данесці польскаму боку, што яны пакінулі свае краіны, бо іх жыццё знаходзілася ў небяспецы. Нягледзячы на адсутнасць на той момант агрэсіўных дзеянняў з боку бежанцаў, замест спробы разабрацца ў сітуацыі, якая склалася, польскія сілавікі задзейнічалі авіяцыю для аказання псіхалагічнага націску. Акрамя таго, у дачыненні да людзей, якія шукаюць абароны, распыляўся слезацечны газ”, — гаворыцца ў паведамленні.
У беларускім пагранічным ведамстве сцвярджаюць, што некаторыя мігранты пачалі разбураць польскія загароды „ў адказ на неапраўданае прымяненне спецыяльных сродкаў”.
Анджэй Дуда 8 лістапада правёў пасяджэнне Савета нацыянальнай бяспекі з удзелам міністраў абароны, замежных спраў, кіраўніка памежнай службы і інш. Польскі прэзідэнт таксама абмеркаваў сітуацыю з кіраўніком Грузіі. Акрамя таго, Дуда вырашыў скараціць свой візіт у Славакію.