Навальны ў калоніі абвясціў галадоўку
Палітык Аляксей Навальны, які адбывае тэрмін у расейскай калоніі па справе „Іў Рашэ”, абвясціў галадоўку. Ён патрабуе дапусціць да яго лекара.
„Права запрасіць спецыяліста для агляду і кансультацыі ёсць у кожнага асуджанага. Нават у мяне, хоць я і не вінаваты. Таму я патрабую дапусціць да мяне лекара, а пакуль гэтага не адбылося, абвяшчаю галадоўку”, – гаворыцца ў „Твітэры” Навальнага.
Раней апазіцыянер скардзіўся на рэзкае пагаршэнне здароўя.
„Замест медыцынскай дапамогі ў мяне катаванне пазбаўленнем сну (будзяць 8 разоў за ноч), і адміністрацыя падгаворвае зэкаў-актывістаў (aka ” казлы „) запалохваць радавых зэкаў, каб тыя не прыбіраліся вакол майго ложка”, – заявіў Навальны.
Пра тое, што ў Навальнага ў зняволенні пагоршылася здароўе, яго паплечнікі распавялі тыдзень таму. Па словах адвакатаў палітыка, ён адчувае моцныя болі ў спіне і не можа наступіць на нагу.
Фота: Reuters