Навальны заявіў пра спыненне галадоўкі



Расейскі апазіцыйны палітык Аляксей Навальны спыніў галадоўку, якую пачаў 31 сакавіка. Паведамленне пра гэта з’явілася ў яго Instagram. Навальны заявіў, што яго двойчы абследаваў кансіліўм грамадзянскіх лекараў, яму робяць абследаванні і аналізы і аддаюць вынікі і заключэнні.

«Лекары, якім цалкам давяраю, выпусцілі заяву аб тым, што мы з вамі дамагліся дастаткова, каб я зняў галадоўку.  Іх словы пра тое, што аналізы паказваюць „праз мінімальны час лячыць будзе няма каго” … здаюцца мне годнымі ўвагі», – заявіў ён.

Пры гэтым Навальны паведаміў, што працягвае патрабаваць допуску «неабходнага лекара», так як, па яго словах, у яго знікае адчувальнасць участкаў рук і ног.

У лютым  суд замяніў Навальнаму ўмоўны тэрмін па справе «Іў Рашэ», прызначаны яшчэ ў 2014-м, на рэальны – апазіцыянер правядзе ў калоніі два з паловай гады.

Навальны абвясціў галадоўку 31 сакавіка, ён патрабаваў, каб да яго дапусцілі незалежнага лекара з-за боляў у спіне і нагах.

21 красавіка ў гарадах Расеі прайшлі акцыі салідарнасці з Навальным. Акцыі былі не санкцыянаваныя, на іх затрымалі больш за 1 600 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя