Навошта беларусам адзіная віза Саюзнай дзяржавы?



Намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч пракаментаваў магчымасць увядзення адзінай візы Саюзнай дзяржавы.

Па словах дзяржсакратара Саюза Беларусі і Расеі Рыгора Рапоты, пытанне ўвядзення адзінай уязной візы Саюзнай дзяржавы зараз прапрацоўваецца на ўзроўні экспертаў.

Спадар Рапота дадаў, што ў выпадку ўвядзення такой візы краіны захаваюць магчымасць выдаваць свае нацыянальныя візы.

Юрась Губарэвіч: Асабіста для мяне такая ініцыятыва выглядае дзіўнай і незразумелай. І гэта абсалютна непатрэбна Беларусі, бо стане чарговым крокам у бок страты суверэнітэту і незалежнасці. Мы не можам канкураваць з Расеяй па колькасці людзей, якія наведваюцца краіну. Натуральна, не можам адсочваць і ўсіх тых, хто атрымоўвае візы ў Расеі. Мяжа адчынена, адчынена дарога для рознага кшталту крымінальных элементаў. На мой погляд, трэба было б наадварот рухацца ў бок усталявання паўнавартаснай мяжы з Расеяй, а не думаць пра нейкую адзіную візавую прастору.

РР: Хочуць зрабіць нешта кшталту Шэнгенскай візавай прасторы?

Юрась Губарэвіч: Сёння і так няма памежнага кантролю на мяжы Беларусі і Расеі. Таму без аніякай візы чалавек можа накіравацца з Беларусі ў Расею альбо наадварот. Для злачынцаў тут няма ніякіх бар’ераў. Існуе непадкантрольная міграцыя, якая імкнецца ў Еўропу з Расеі праз Беларусь. Гэтая сітуацыя ненармальная і непрымальная для нашай краіны. А ўвядзенне супольнай візы, паўтаруся, – гэта адмова ад часткі суверэнітэту. Бо, як і з эканамічнымі пытаннямі, асноўнае рашэнне тут будзе прымаць расейскі бок.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота eurasiancenter.ru