Навошта Беларусі яшчэ чатыры дывізіёны С-300?
22 снежня ў Мінабароны паведамілі, што Беларусь закупіла і атрымала ад Расеі чатыры дывізіёны (48 пускавых установак) зенітных ракетных комплексаў С-300ПС.
Навошта нам яны ў дадатак да тых, што ўжо ёсць у наяўнасці? Тлумачыць ваенны эксперт Аляксандр Алесін.
«Чатыры дывізіёны С-300ПС мы закупілі ў 2006—2007 гадах, і яшчэ чатыры — у перыяд паміж 2013 і 2015 гадамі. Гэтымі комплексамі мяркуецца замяніць нашыя С-200. Яны хоць і добрыя комплексы, але ваенная дактрына змянілася — калі С-200 разлічаныя на збіццё бамбардыроўшчыкаў, то сёння відавочна — калі нейкая атака на нас і будзе, то прыляцяць не цяжкія самалёты, а крылатыя ракеты і беспілотнікі. Таму, сучасным патрабаванням больш адпавядаюць С-300. Зрэшты, пастаўляючы нам гэтыя комплексы, Масква клапоціцца перш за ўсё пра сябе, бо Беларусь для іх, як шчыт, або першая лінія абароны, якая мусіць прарэдзіць атакуючых перад тым, як яны даляцяць да Расеі. Вядома, нашаму вайсковаму кіраўніцтву хацелася б мець не С-300, а больш магутныя С-400, але Расея нам іх не пастаўляе, кажучы, што яны самі яшчэ цалкам не пераабсталявалі свае войскі. Але пры ўсім гэтым яны прадаюць С-400 у Кітай і Індыю», — заўважыў Алесін.