Навошта Лукашэнку хваласпевы на адрас Украіны
На Дзень незалежнасці Украіны, які вядзе свой адлік ад 24 жніўня 1991 году, Лукашэнка не міргнуўшы вокам назваў украінскі народ “брацкім”, вайну, якая забрала жыцці дзясяткаў тысяч украінцаў, “канфрантацыяй”, і зноў прапанаваў сябе ў якасці пасярэдніка для спынення гэтай самай “канфрантацыі”.
Пакуль беларускі сегмент інтэрнэту мематочыць, то бок стварае бясконцую колькасць жартаў на тэму “гаратныяў” ад Лукашэнкі ў звязку з ліквідацыяй міжнароднага злачынцы Яўгенія Прыгожына, Лукашэнка чарговы раз спрабуе зрабіць ход канём дзеля ўласнага выжывання.
Хваласпевы на адрас Украіны і ўкраінцаў падаюцца празрыстымі. Маўляў хітразачасаны дыктатар з Беларусі хоча паспрабаваць паўтарыць Менскія пагадненні, а заадно адвесці ад сябе звінавачванні ў суагрэсіі супраць Украіны ў кумпаніі з Пуціным.
“Александр Лукашенко пожелал всем жителям Украины, чтобы в очень скором времени на их земле воцарился бесценный и такой нужный всем людям доброй воли мир”, – піша паўафіцыйны лукашэнкаўскі тэлеграм-канал “Пул первого”.
Прычым, тут жа не зразумела што маеца пад “мірам”. Ці то поўнае вызваленне тэрыторыі Украіны, ці то замаражванне вайны на пэўных пазіцыях, а можа наагул няздатнасць Расеі весці войны, бо РФ пачне развальвацца.
Выглядае, што Лукашэнка сцеліць сабе саломінку.
Але ёсць і адваротны бок рэверансаў Лукашэнкі – украінцы, якія яму сімпатызавалі і сімпатызуюць, – гэта аматары канцэпцыі “крэпкай рукі”. Гэтыя людзі цяпер збольшага памаўківаюць. Яны не ўяўляюць якую-кольвек значную грамадскую і тым больш палітычную сілу, але яны ёсць.
Украінскія сацыёлагі давалі перад 2022 годам не менш за 40% насельніцтва краіны, якое сімпатызавала савецкай версіі “расейскага свету”.
З пачаткам паўнамаштабнай вайны ўкраінскія спецслужбы ловяць сотні і сотні калабарантаў з акупацыйнымі адміністрацыямі.
“Лукашэнку прымусілі да супрацы з Крамлём”, “Ён сам ахвяра вайны”. Падобныя наратывы не бяруцца зніадкуль. Найперш яны цікавыя тым, хто гандлюе з Лукашэнкам.
Забароны на гандаль з Беларуссю, як у выпадку з Расеяй, Украіна не ўводзіла.
“Радыё Свабода” распавядае, што ў Адэсе аддзел паліцыі па асабліва цяжкіх злачынствах расследуе справу пра закупы з дзяржаўнага бюджэту прадукцыю беларускай вытворчасці.
“Ракеты ляцелі”, забароны на гандль няма, але ёсць санкцыі супраць большасці буйных беларускіх прадпрыемстваў. Адначасова прадукцыя, у тым ліку падсанкцыйных прадпрыемстваў, нейкім чынам трапляе ва Украіну. Такія зігзагі непаслядоўнасцяў ў знешняй палітыцы.
Думаю, што Лукашэнка пад “брацкім” народам мае на ўвазе прарасейскую частку ўкраінцаў. Для іх і ламае камедыю.
Бо для тых украінцаў, хто са зброяй у руках адстойвае сваю незалежнасць, Лукашэнка проста другі па значнасці вораг пасля Пуціна.
Севярын Квяткоўскі, Радыё Рацыя