Навошта памянялі кіраўнікоў сілавых структур?
Палітолаг Валер Карбалевіч прааналізаваў апошнія кадравыя перастаноўкі ў сілавых структурах.
3 верасня Аляксандр Лукашэнка памяняў кіраўніцтва Камітэта дзяржаўнай бяспекі, Савету бяспекі і Камітэта дзяржаўнага кантролю.
Замест Валерыя Вакульчыка старшынёй КДБ прызначаны Іван Церцель, замест Андрэя Раўкова дзяржаўным сакратаром Савету бяспекі стаў Валеры Вакульчык.
Валер Карбалевіч: Гэта азначае, што ў сілавых структурах не ўсё ідэальна ў плане поглядаў, пры гэтым – на самым высокім узроўні. Таму што ў момант палітычнага крызісу кіраўнікоў асноўных сілавых сілавых структур не мяняюць і не перасоўваюць проста так.
Відавочна, што Лукашэнка не задаволены працай і былога сакратар Рады бяспекі Андрэя Раўкова, і старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка. Таму іх са сваіх пасад і пасунулі. Раўкоў наогул апынуўся без працы, а Вакульчыка паставілі на месца Раўкова.
Дарэчы, у беларускім табелі аб рангах пасада старшыні КДБ больш высокая, чым сакратара Рады бяспекі. КДБ – вялізарная структура, якая мае вялікую палітычную вагу. А сакратар Рада бяспекі – гэта каардынатар, чалавек, які больш займаецца маніторынгам. Таму можна сказаць, што Вакульчыка адправілі ў ганаровую адстаўку.
РР: У апошні час Валерый Вакульчык наогул мала з’яўляўся ў інфармацыйным полі…
Валер Карбалевіч: Магчыма, гэта сведчыць пра тое, што ў яго была некалькі іншая пазіцыя, чым у астатніх. Вылучылі тых, хто дэманстраваў большую адданасць. Той жа Іван Церцель добра зарэкамендаваў сябе ў «справе Бабарыкі».
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя