Навошта раcпрацоўваецца новы Выбарчы кодэкс?
Сябра палітсавета Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін распавёў пра тое, на якой стадыі знаходзіцца распрацоўка новага выбарчага дакумента, і калі ён можа спатрэбіцца.
Прэзентацыя праекта новага Выбарчага кодэкса, па якім будуць праходзіць выбары ў абноўленай Беларусі без Лукашэнкі, ужо прайшла напрыканцы мінулага году ў Менску.
Рабочая група, створаная па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай у верасні 2020 года, на працягу некалькіх месяцаў займалася распрацоўкай праекта, які быў прапанаваны да абмеркавання.
Леў Марголін: Казаць, што праца над новым Выбарчым кодэксам канчаткова завершана, пакуль не даводзіцца, але першапачатковы варыянт, як вядома, ужо зроблены. Зараз мы робім экспертную ацэнку з дапамогай нашых замежных партнёраў.
Перш за ўсё – гэта ўкраінская арганізацыя “Апора”, якая мае вельмі добры досвед у гэтай справе.
Думаем яшчэ прыцягнуць экспертаў некаторых іншых арганізацый, але пакуль што гэта ў працэсе перамоваў, таму называць іх не варта.
Я думаю, у бліжэйшы час праца завяршыцца, і новы Выбарчы кодэкс будзе надрукаваны для абмеркавання шырокім колам беларускіх экспертаў, насельніцтвам, усімі зацікаўленымі асобамі.
РР: А навошта распрацоўваецца гэты дакумент, калі прымянціь яго няма магчымасці? Ці вы думаеце, што рэжым зацікавіцца вашай працай?
Леў Марголін: Па-першае, наш кодэкс ніякім чынам не разлічаны на гэты рэжым. Калі мы трохі прыгадаем гісторыю, то апошнія чатыры гады і апазіцыйныя партыі, і грамадскія арагнізацыі намагаліся канцэнтравацца на некалькіх неабходных пазіцыях. Распрацоўвалі праграмы, перадавалі іх і ва ўрад, і ў Цэнтрвыбаркам, і ў Палату прадстаўнікоў. Але нікога тыя прапановы не зацікавалі. І, тым больш, нікога не зацікавіць новы Выбарчы кодэкс. Ён разлічаны на іншыя ўмовы і на іншую ўладу.
Так, нас некаторыя папракаюць, што зараз у першую чаргу трэба займацца палітычнай барацьбой, вызваленнем палітвязняў, а новы Выбарчы кодэкс – гэта другаснае. Але гэта два розныя накірункі працы. Калі заўтра ці паслязаўтра адбудзецца змена ўлады (а яна будзе абавязкова), то тады якраз і спатрэбяцца хуткія дзеянні. І тады проста не будзе часу распрацоўваць новы Выбарчы кодэкс, праект Канстытуцыі, абмяркоўваць іх, прыводзіць у суадноснасць з міжнароднымі стандартамі. Усё гэта павінна быць зроблена зараней, каб яно у нас было напагатове.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя