Навукоўцы з ЗША пацвердзілі выбух на борце самалёта Качыньскага



Перад падзеннем польскага прэзідэнцкага самалёта пад Смаленскам на яго борце адбыўся выбух. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы з Нацыянальнага інстытута авіяцыйных даследаванняў ЗША, перадае Rzeczpospolita.

Былы кіраўнік Міністэрства абароны, а сёння кіраўнік польскай камісіі па расследаванні Смаленскай катастрофы Антоні Мацерэвіч пракаментаваў вынікі працы амерыканскіх навукоўцаў, якія праводзяць даследаванне Смаленскай катастрофы ў Польшчы.

„Даследаванні паказваюць важны элемент гэтай трагедыі. Ён паказвае на выбух у самалёце. Левыя дзверы фюзеляжа былі выбітыя знутры з энергіяй, у 10 разоў большай, чым само падзенне самалёта.”

Аднак, на яго думку, не гэта стала прычынай канчатковай страты кантролю над самалётам, былі і іншыя дзеянні.

„На борце адбыліся далейшыя падзеі, якія канчаткова прывялі да таго, што самалёт не ўдалося выратаваць. Гэтая аперацыя была больш складанай, чым адна падзея. Кожны з гэтых крокаў быў здзейснены наўмысна і накіраваны на знішчэнне прэзідэнта і польскай эліты”, – падсумаваў Мацерэвіч.

Раней да такой жа высновы прыйшла Камісія па расследаванні абставінаў Смаленскай катастрофы. Там перакананыя, што крыніц выбухаў было некалькі.

Фота: Marian Zubrzycki