Назіральная місія ПАРЕ правядзе ў Менску шэраг сустрэч



Назіральная місія Парламенцкай асамблеі рады  Еўропы ў складзе пяці чалавек 9—10 жніўся наведае Беларусь з азнаямленчым візітам. Узначаліць дэлегацыю аўстрыйскі парламентарый Гізела Вурст. У складзе дэлегацыі таксама спецдакладчык ПАРЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні.

Мэта візіту — ацаніць ход выбарчай кампаніі і палітычны клімат у краіне напярэдадні парламенцкіх выбараў, якія пройдуць 11 верасня. Дэлегацыя сустрэнецца з кіраўніцтвам Палаты прадстаўнікоў, Міністэрства замежных спраў, Цэнтрвыбаркама. Запланаваныя таксама сустрэчы з прадстаўнікамі апазіцыі, кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі, а таксама з прадстаўнікамі СМІ, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса.

У верасні місія ў складзе ўжо 12 чалавек вернецца ў Беларусь, каб весці назіранне непасрэдна ў дзень галасавання.

БелаПАН