Назіральнік: Выбаршчыка дыскрымінуюць па моўнай прыкмеце
З заявай у Цэнтральную выбарчую камісію звярнуўся назіральнік па 52-ой акруговай выбарчай камісіі Гародні Віктар Сазонаў.
„Чаму беларуская мова на сайтах гарадзенскага і абласнога выканаўчага камітэтаў не прысутнічае на старонках, якія інфармуюць пра хаду выбарчага працэсу?” – задаў пытанне назіральнік. Гэтым дыскрымінуецца права беларусаў пазнаёміцца з важнымі палітычнымі навінамі на іх роднай мове.
Кажа Віктар Сазонаў:
– Паколькі беларуская мова дыскрэдытуецца ва ўсіх аспектах сённяшняга жыцця, то зразумела, што нават пры ўсім жаданні яе немажліва паставіць на тым самым роўні, на якім стаіць расейская мова, бо пад яе нічога няма: няма перакладчыкаў, кадраў, ставак. І атрымліваецца, што гэтыя структуры не могуць выканаць закон аб мовах, і дыскрымінацыя беларускай мовы ўжо пераходзіць на выбарчы працэс. А гэта вельмі сур’ёзна. Бо тут ужо ідзе дыскрымінацыя выбаршчыка па моўнай прыкмеце.
Назіральнік чакае афіцыйнага адказу ад Цэнтральнай выбарчай камісіі на сваю заяву аб беларусізацыі інфармацыі пра парламенцкія выбары.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня