Назіральнікі – без фота-, відэа і аўдыётэхнікі



Выбары па-беларуску. Назіральнікі змогуць карыстацца фота-, відэа і аўдыётэхнікай толькі з дазволу выбарчых камісіяў. Цэнтрвыбаркам у адказе на зварот руху “За свабоду” патлумачыў правы і магчымасці назіральнікаў. Дэпутат Гомельскага гарадскога савету 21 склікання Андрэй Толчын лічыць, што на практыцы гэта будзе азначаць фактычную забарону.

– Не пытанне, калі ёсць артыкул 13-ы кодэкса, які кажа, што выбары праходзяць галосна, адкрыта і г.д. І нечага хаваць. У чым праблема? Але заўсёды камісіі прымаюць рашэнні не дазваляць гэта рабіць. Чаму? Гэта не з’яўляецца дзяржаўнай таямніцай. На маю думку, тут ўсё зразумела – бо ў нас выбары не празрыстыя, не дэмакратычныя. Таму і забараняюць.

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка нагадвае, што выбарчы кодэкс кажа, што выбары з’яўляюцца адкрытымі.

– Выбарчы кодэкс не адказвае на пытанне: ці можна фатаграфаваць, рабіць аўдыёзапісы. Але выбарчы кодэкс кажа пра тое, што выбары з’яўляюцца адкрытымі. Калі выбары з’яўляюцца адкрытымі, я, як адмысловец у галіне права, разумею гэта так, што я маю права і рабіць фотаздымкі, рабіць відэа- аўдыёзапісы. Ні ў каго я не павінен пытаць дазволу.

У Беларусі акрэдытавана больш за 9 тысячаў нацыянальных назіральнікаў. З іх абсалютная большая колькасць – прадстаўнікі праўладных арганізацыяў.

Беларускае Радыё Рацыя