За дзень сабралі 21 тысячу подпісаў?



У Гародні абласная тэрытарыяльная выбарчая камісія зацвердзіла подпісы выбарцаў за вылучэнне прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі.

Як заўважае Раман Юргель, назіральнікі з кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” аднадушна выказваюцца, што найбольш актыўна збіраліся подпісы ў Гародні за Святлану Ціханоўскую, за Валерыя Цапкалу, Віктара Бабарыку. Таксама бачылі Ганну Канапацкую, і аднойчы прыязджаў Андрэй Дзмітрыеў.

Назіральнікам, у гэтай кругаверці падлікаў галасоў стала не зразумела, як Сяргей Чэрачань здолеў са сваёй ініцыятыўнай групай сабраць 21 тысячу подпісаў?

– Здзіўляе той факт, што здадзена, напрыклад, камандай прэтэндэнта Сяргея Чэрачаня вялікая колькасць подпісаў. І дзе і як яны збіралі – таямніча, ці падчас пандэміі хадзілі па кватэрах, нам гэта невядома, таму што адзін раз Чэрачань  прыехаў у Гародню на пару гадзінаў, з пікетам пастаяў і ўсё. За адзін пікет не назбіраеш такую колькасць – 21 тысячу подпісаў – гэта вядома.

Яшчэ адзін парадокс заўважылі назіральнікі – за дзень да зацверджання пратакола абласной тэрытарыяльнай камісіі на сайце ЦВК ужо гэтыя лічбы віселі для агляду.

Беларускае Радыё Рацыя