Назіральнікі: Перадвыбарчай актыўнасці не назіраецца



Патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты і палітычныя партыі не праяўляюць значнай перадвыбарнай актыўнасці.

Пра гэта гаворыцца ў чарговай аналітычнай штотыднёвай справаздачы па выніках назірання за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, якое 12-17 жніўня правялі прадстаўнікі Беларускага Хельсінкскага камітэта і закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна” ў межах кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Разам з тым, адзначаюць назіральнікі кампаніі, „у дзеяннях асобных актывістаў у рэгіёнах ёсць прыкметы схаванай перадвыбарнай агітацыі”.

Таксама ў справаздачы гаворыцца, што „выбарчая кампанія праходзіць у спакойнай абстаноўцы, падрыхтоўка да выбараў не асвятляецца шырока ў СМІ”. Пры гэтым аўтары справаздачы звяртаюць увагу на „дзейнасць старшыні Цэнтральнай камісіі Лідзіі Ярмошынай, якая ў справаздачным перыядзе досыць актыўна выступала ў СМІ”.

У цэлым, адзначаюць назіральнікі БХК і „Вясны”, патрабаванні пастановы ЦВК № 27 выконваюцца: на інтэрнэт-старонках выканкамаў стаяць банеры „Выбары 2019”, інфармацыя размяшчаецца ў поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі ЦВК. „Аднак варта адзначыць адсутнасць банераў на беларускамоўных версіях некаторых райвыканкамаў Гродзенскай вобласці”, — гаворыцца ў справаздачы.

belapan.by