Назіральнікі ў Гародні: парушэнняў — вялікая колькасць
Назіральнікі фіксуюць парушэнні заканадаўства і сакрэтнасць скрыняў на некаторых выбарчых участках. На датэрміновым галасаванні выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс навучальных установаў, дзе знаходзяцца камісіі. Кажа адзін з незалежных назіральнікаў за выбарчым працэсам:
– На скрыні з двух бакоў шасцікантовыя балты. Пры наяўнасці ключа адкруціць іх справа адной хвіліны. Скрыню не апячатвалі. Большасць галасуючых былі не жыхары ўчастка, а навучэнцы, якія прыходзяць галасаваць дабраахвотна-прымусова.
Падобнае стаўленне ўчастковых камісіяў да выканання заканадаўства засведчылі і ў некаторых іншых месцах, дзе скрыні для датэрміновага галасавання знаходзяцца ў кабінеце дырэктараў навучальных установаў. На гэтыя прэцэдэнты назіральнікі афармляюць скаргі.
* * *
Парушэнняў – вялікая колькасць. Назіральнікі ад кампаніі “Права Выбару” у Гародні канстатуюць, што пасля першага дня галасавання парушэнні ідуць як “снежны ком”. На розных участках горада па Гарадзенскай-Ленінскай выбарчай акрузе №52 адбылася вялікая колькасць парушэнняў выбарчага заканадаўства, – кажа каардынатар кампаніі Сяргей Верамеенка:
— На мой погляд даволі такі сур’ёзныя парушэнні. На ўчастак №3 у Доме дзіцячай творчасці я зайшоў каб праверыць абстаноўку. Справа ў тым, што там назіральнікі сядзяць настолькі далёка, што не бачаць ані кабін для галасавання, ані сталоў, ані скрыняў для галасавання. Пасля гэтага старшыня камісіі запрасіў міліцыянтаў і папросту выдаліў мяне.
Кампанія назірання “Права Выбару” на Гарадзеншчыне аб’ядноўвае восем палітычных і грамадскіх структур, і мае досвед працы падчас ранейшых выбарчых кампаній. Сёлета ад кампаніі працуюць у рэгіёне каля сотні назіральнікаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня