Назіральнікі: Выбарчая кампанія малацікавая і незаўважная
Кампанія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў працягвае заставацца малацікавай і незаўважнай для грамадзян. Да такой высновы прыйшлі назіральнікі кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” ў аналітычнай справаздачы паводле вынікаў назірання 1-7 жніўня.
Праваабаронцы адзначаюць, што дзяржаўныя СМІ пры асвятленні выбарнай тэматыкі у асноўным абмяжоўваюцца інфармацыяй агульнага характару або публікуюць матэрыялы аб праўладных кандыдатах.
Пры гэтым пасяджэнні акруговых камісій па праверцы подпісаў, як і раней, адбываліся ў закрытым для назіральнікаў рэжыме і мелі непразрысты характар. Разам з тым, заўважаюць назіральнікі, прынятыя мясцовымі ўладамі рашэнні аб прызначэнні месцаў для сустрэч з выбарцамі ў асноўным палепшылі ўмовы для агітацыі ў параўнанні з папярэднімі выбарамі, аднак у некаторых гарадах падыходы выканкамаў у гэтым пытанні, на думку праваабаронцаў, маюць абмежавальны характар.
У межах кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” назіранне традыцыйна ажыццяўляюць РПГА „Беларускі Хельсінкскі камітэт” і закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр „Вясна”.