Назіральнікі заяўляюць пра падробку дакументаў датэрміновага галасавання
Назіральнікі з Баранавічаў Рыгор Грык і Таццяна Стрэльчык зафіксавалі падробку выбарчых дакументаў у два першыя дні датэрміновага галасавання і накіравалі адпаведную скаргу ў Баранавіцкую міжраённую пракуратуру.
Назіральнікі прысутнічалі на выбарчым участку №20 Баранавічаў, лічылі і запісвалі колькасць прагаласаваўшых выбаршчыкаў. Па іх падліках ў першы дзень датэрміновага галасавання – 6 кастрычніка – прагаласавала 39 выбаршчыкаў. Аднак, у пратаколе пасля закрыцця ўчастка з’явілася лічба ў 143 выбаршчыкі. На другі дзень – 7 кастрычніка – сітуацыя паўтарылася: назіральнікі налічылі за дзень 87 чалавек, якія прагаласавалі, у той час як у пратаколе было адзначана – 146 чалавек. Назіральнікі лічаць, што ўкід бюлетэняў мог адбыцца ў абед ці ўночы, піша праваабарончы цэнтр “Вясна”.
«Паколькі скрыні для папярэдняга галасавання захоўваюцца ўночы без нашага назірання, не можам быць упэўнены ў іх захаванасці, магчымы ўкід бюлетэняў гэтых прыпісаных лішніх выбаршчыкаў. Дно скрыні не апячатана, і падчас галасавання было заўважана, як паміж бакавой сценкай і дном высунуўся край выбарчага бюлетэня», – пішуць у скарзе Грык і Стрэльчык і лічаць, што дадзеныя парушэнні паўплываюць на вынікі галасавання.
Фота spring96.org