Названыя ўмовы для адмены санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі



Санкцыі, якія ўводзяць краіны Еўрапейскага звязу ў дачыненні да беларускіх уладаў, зварачальныя, іх адмена залежыць ад далейшых дзеянняў Менска. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Рау.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба польскага знешнепалітычнага ведамства, гаворка ідзе аб спыненні рэпрэсій, вызваленні палітвязняў, пачатку дыялогу з грамадствам, што павінна прывесці да свабодных і справядлівых выбараў.

На пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін ЕЗ  у Люксембургу Рау падзякаваў за публікацыю Еўракамісіяй плана эканамічнай дапамогі дэмакратычнай Беларусі, які з’яўляецца «канкрэтнай прапановай ЕЗ беларускаму грамадству ў выпадку правядзення дэмакратычных пераўтварэнняў».

Кіраўнік польскай дыпламатыі выказаў задавальненне хуткай рэалізацыяй травеньскага рашэння Еўрапейскай рады, прынятага ў адказ на вымушаную пасадку самалёта авіякампаніі Ryanair. Рау падкрэсліў важнасць прыняцця чарговага пакета санкцый супраць асоб і арганізацый, адказных за «рэпрэсіі і выкраданне Рамана Пратасевіча», а таксама хуткага прагрэсу ў працы над мэтавымі сектаральным эканамічнымі санкцыямі.

Беларускае Радыё Рацыя