Не – блакаванню сайта “Хартыя’97”!



Рух Салідарнасці “Разам” прыняў заяву з нагоды блакавання сайта «Хартыя-97». 

                                                   ЗАЯВА

                                Руха Салідарнасці “Разам”

                “Не – блакаванню сайта “Хартыя-97”!

Рух Салідарнасці «Разам» рашуча пратэстуе супраць блакавання сайту «Хартыя-97» у Інтэрнэт-прасторы Рэспублікі Беларусь. Прынятае міністэрствам інфармацыі Беларусі рашэнне аб блакаванні гэтага сайту навінаў знаходзіцца ў прамым супярэчанні з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, якое гарантуе права на свабоднае атрыманне, захоўванне і распаўсюд інфармацыі, свабоду выказвання меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне.(Арт. 33 і 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), а таксама з міжнароднымі абавязальніцтвамі нашай краіны.

Гэтае рашэнне беларускіх уладаў таксама сведчыць пра тое, што тыя абяцанні, якія так шчодра раздаюць найвышэйшыя ды больш дробныя прадстаўнікі цяперашняга рэжыму на сустрэчах з эмісарамі Захаду дзеля зняцця з рэжыму палітычных і эканамічных санкцыяў, кардынальным чынам разыходзяцца з іх рэальнымі справамі. Пад хлуслівыя славесныя дэкларацыі аб «лібералізацыі», рэжым Лукашэнкі працягвае парушаць адну з падставовых дэмакратычных свабод – свабоду слова.

Зыходзячы з гэтага, Рух Салідарнасці «Разам» патрабуе ад міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь неадкладна адмяніць сваё супрацьзаконнае рашэнне аб блакаванні сайту «Хартыя-97».

Рух Салідарнасці «Разам» звяртаецца да кіраўніцтва Еўрапейскага Звязу, яго паасобных краінаў, да кіраўніцтва Злучаных Штатаў Амерыкі з заклікам улічваць стан свабоды слова ў Беларусі пры прыняцці рашэнняў аб дачыненнях з сённяшнімі ўладамі Беларусі.

Мы таксама заклікаем сусветную журналісцкую супольнасць да салідарнасці з журналістамі «Хартыі-97», якім нахабна чыняць перашкоды ў іх прафесійнай дзейнасці.

Свабоду “Хартыі-97”!

Свабоду незалежным СМІ!

Жыве Беларусь!

г. Менск.

01.02.2018г.