Не ліквідаванымі застаюцца „Справядлівы свет” і „Грамада”



У Беларусі не ліквідаванымі застаюцца дзве апазіцыйныя партыі – „Справядлівы свет” і сацыял-дэмакратычная партыя „Грамада”, але гэта пакуль. На 11 верасня прызначаны суд па „Грамадзе”, а на 22 верасня па партыі левых “Справядлівы свет”.

Грамадская дзяячка „Грамады” адзначае, што ў краіне адбылася чарговая расправа над апанентамі рэжыму:

– Проста расправа, яна чаканая. Я хачу сказаць, што людзі застануцца са сваімі перакананнямі. Унутрыпартыйныя сувязі ўсё роўна будуць, весці сваю дзейнасць у межах разумнага партыя будзе. Няхай яна будзе паводзіць сябе не як арганізацыя, няхай гэта будуць міжасабовыя сувязі. Фактычнае становішча мала зменіцца, становішча зменіцца на паперы.

Нагадаем, што ў сакавіку набыў моц абноўлены, больш жорсткі закон, які рэгламентуе дзейнасць палітычных партый. Паводле яго кожная арганізацыя павінна мець не менш за пяць тысячаў чальцоў, прадставіць іх дадзеныя ў Мінюст, а таксама мець зарэгістраваныя абласныя структуры і ў кожнай вобласці быць афіцыйна прадстаўленая ў траціне раёнаў.

Беларускае Радыё Рацыя