«Не саюзнай дзяржаве!» Апазіцыянеры пікетуюць амбасаду Расеі ў Менску
Каля расейскай амбасады ў Менску праходзіць пікет апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты супраць інтэграцыі з Расеяй. Акцыю арганізавалі ў рамках перадвыбарчай кампаніі кандыдата ў дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Вольгі Кавальковай.
Паводле яе слоў, пікет праходзіць пад лозунгам «За вашу і нашу свабоду». Яго ўдзельнікі выступаюць супраць інтэграцыі з Расеяй. «Беларусь і Расея павінны быць незалежнымі дэмакратычнымі краінамі», – лічыць Кавалькова.
Таксама падчас пікета кандыдат працягвае збіраць подпісы аб скасаванні дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, бо лічыць, што яна не адпавядае інтарэсам Беларусі. На пікеце прысутнічаюць каля 10 чалавек, у тым ліку апазіцыйныя кандыдаты ў дэпутаты Андрэй Шэмятовец, Пётр Папраўка і Ігар Лабкоў. У пікеце ўдзельнічаюць сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі і старшыня АГП Мікалай Казлоў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя