„Не веру!” Макей пра „лагеры для востракапытных”
Уладзімір Макей не хоча верыць «фэйкавым навінам, якія зыходзяць з вуснаў апанентаў улады».
Міністр замежных спраў Уладзімір Макей не верыць «выдумкам і фэйкавым навінам, якія зыходзяць з вуснаў апанентаў улады». Так кіраўнік МЗС пракаментаваў TUT.BY аўдыёзапіс, на якім чалавек з голасам экс-кіраўніка ГУБАЗіК, а сёння намесніка міністра ўнутраных спраў — камандуючага ўнутранымі войскамі Мікалая Карпянкова, распавядае пра ідэю будаваць «лагеры для востракапытных» — тых, хто асуджаны паводле палітычных артыкулаў.
Макей заявіў, што як дыпламат прывык давяраць канкрэтным фактам і аргументаванай інфармацыі.
— Я разумею, што можна, як у нас цяпер модна, не давяраць аргументаванай інфармацыі, афіцыйным дадзеным, але ведаючы, як паводзяць сябе розныя тэлеграм-каналы і якую інфармацыю даводзяць да нашых еўрапейскіх заходніх партнёраў апаненты ўлады, я павінен сказаць, што я абсалютна не веру тым выдумкам і фэйкавым навінам, якія зыходзяць з вуснаў апанентаў улады. Таму, перш чым прыводзіць нейкія выдуманыя факты і інфармацыю, трэба дэталёва разабрацца ў іх, — заявіў Макей.
Кіраўнік МЗС дадаў: ён не будзе сцвярджаць, што ў Беларусі ўсё ідэальна, ёсць над чым працаваць, ёсць што ўдасканальваць, але такога кшталту рэчы, на думку Макея, павінны адбывацца не пад дыктоўку знешніх куратараў, не пад ціскам вуліцы, не праз рэвалюцыю, якая нясе толькі кроў і слёзы, а ў рамках закона.
— Можа быць, гэта зойме больш часу — удасканаленне і развіццё грамадства і дзяржавы, можа быць, спатрэбіцца больш намаганняў, але сёння ў адзін момант можна разбурыць усё да асновы, усё, што было дасягнута за ўсю папярэднюю 30-гадовую гісторыю нашай незалежнасці. Хто ствараць будзе і якім чынам мы будзем аднаўляць новую дзяржаву на руінах разбуранага — адказу ад апанентаў улады я, на жаль, да гэтага часу не пачуў. Санкцыі, прыбраць, знішчыць, змесці і гэтак далей і да таго падобнае. Ведаеце, сёння я называю гэта бясчынствуючай дэмакратыяй, я ведаю, што пасля гэтага пэўныя выпады ў мой адрас будзе гучаць… Але, ведаючы многіх людзей, якія знаходзяцца там, за мяжой, ведаючы, што яны кажуць і што прапануюць у дачыненні да Беларусі і беларускага народа, я перакананы, што ў выпадку прыходу такіх людзей да ўлады гэта будзе фашысцкая дэмакратыя, — заявіў Макей.
Нагадаем, 15 студзеня ініцыятыва BYPOL апублікавала аўдыёзапіс, дзе чалавек з голасам, падобным на голас экс-кіраўніка ГУБАЗіК, а цяпер намесніка міністра ўнутраных спраў — камандуючага ўнутранымі войскамі Мікалая Карпянкова, распавядае, што «сказана распрацаваць, зрабіць лагер, ну, не для ваеннапалонных, не для інтэрнаваных нават, а лагер для асабліва востракапытных, такі для адсялення. І паставіць калючы дрот, атрымліваецца, па перыметры. Два памяшканні зрабіць: топка — паверх, кармілі — паверх, каб працавалі. Але там іх трымаць, пакуль усё не супакоіцца».
Паводле tut.by