Не вучыце нас жыць, лепш дапамажыце матэрыяльна
Палітолаг Сяргей Нікалюк распавядае, што можа даць Беларусі прыезд у Менск міністраў “Усходняга партнёрства”.
29 чэрвеня ў беларускай сталіцы пад старшынствам Беларусі пройдзе пяты раўнд нефармальнага дыялогу на ўзроўні міністраў шасці краін “Усходняга партнёрства”.
Акрамя таго, у сустрэчы прымуць удзел еўракамісар па Еўрапейскай палітыцы і перамовах аб пашырэнні Яханес Хан і еўракамісар па навакольнаму асяроддзю, марской палітыцы і рыбалоўству Карменю Вела. Плануецца, што Яханес Хан таксама прыме ўдзел у мерапрыемстве з удзелам кіраўнікоў МЗС краін “Усходняга партнёрства”.
Сяргей Нікалюк: Калі казаць пра знешнюю палітыку, то беларуская ўлада сёння знаходзіцца ў прамой залежнасці ад Масквы. Сёння статыстыка сведчыць, што падзенне УВП у Расеі ў адносінах да сакавіка склала 4,9 адсоткі. Казаць пра ўплыў расейскай эканомікі на беларускую таксама не даводзіцца – усім усё відавочна. Таму афіцыйны Менск усе гэтыя “крымнашаўскія” падзеі, думаю, не вітае, бо гэта паскарае праблемы ў расейскай эканоміцы, што катастрафічна адбіваецца і на беларускай. Адсюль і спробы ствараць нейкую альтэрнатыву – пачынаючы ад знешнепалітычнай. Такой, як дыверсіфікацыя рынкаў. Таму і ідуць рухі ў бок Захаду. Яны, безумоўна, будуць працягвацца, магчыма, з цягам часу могуць з’явіцца і нейкія саступкі.
РР: На якія саступкі Захад можа разлічваць?
Сяргей Нікалюк: Не выключаю, што гэта можа быць звязана і з палітзняволенымі, і з адменай нейкіх кропкавых ціскаў на грамадзянскую супольнасць. Але сама прырода ўлады змяніцца не можа, таму вялікіх пераменаў чакаць не варта. Меркаванні пра ток, што зараз Беларусь вагаецца паміж Расеяй і Захадам – пустыя размовы. Краіна пры сёняшняй уладзе, па вялікаму рахунку, у Еўропу ісці не можа. Але агульны прынцып беларускай улады дастаткова добра сфармуляваны ў савецкім фільме “Масква слязам не верыць”. Там гераіня кіналенты кажа: “Не вучыце мяне жыць, лепш дапамажыце матэрыяльна”. Вось гэта для афіцыйнага Менска – ідэальны тып адносінаў паміж Беларуссю і Захадам. Таму, паўтаруся, рухі ў бок Еўропы будуць працягвацца, але ніякіх прынцыповых зменаў унутры краіны не будзе. Іх і не можа быць, бо залежнасць ад Расеі не змяншаецца. А Крэмль такія рухі пракантралюе да пэўнай мяжы, бо даволі раўніва адносіцца да любых праяваў самастойнасці. Але словы з вуснаў беларускіх чыноўнікаў будуць гучаць неабходныя.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Белсат