„НЕ – выбарам без выбару!” – заява Руху Салідарнасці „Разам”
У Беларусі пачалася выбарчая вакханалія, як і абяцаў апошні дыктатар Еўропы
13.09.2019 г. быў учынены бандыцкі напад на вылучэнца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, каардынатара Руху Салідарнасці «Разам» па г. Менску Валеру Бычкоўскага.
Выбараў у Беларусі няма, але ў звязку з пагрозай суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны, Валер Бычкоўскі зарэгістраваў ініцыятыўную групу па Пушкінскай выбарчай акрузе нумар 103 і пачаў збор подпісаў для свайго вылучэння.
А 17-й гадзіне 13.09.2019 г. на пешаходнай пляцоўцы каля ГЦ «Скала» на Валера Бычкоўскага напаў былы міліцыянт, намеснік начальніка аховы гэтага гандлёвага цэнтра Чумак А.Л. На прад’яўленыя дакументы і нормы беларускага заканадаўства, якія дазваляюць збор подпісаў за вылучэнне кандыдата ў дэпутаты ў любым месцы выбарчай акругі, за выключэннем рэжымных аб’ектаў, правакатар параіў «засунуць свае законы ў адно месца» і выклікаў міліцыю.
Дзяжурны міліцыянт Бейдук А.М. разам з групай ахоўнікаў здзейснілі злачынны бандыцкі напад на магчымага будучага дэпутата, брутальна збілі Валера Бычкоўскага, разбілі яго галаву аб тратуар, траўмавалі каленны суглоб і закавалі ў кайданкі.
Нарад міліцыі Фрунзенскага РАУСа г. Менску, які прыехаў па выкліку, у парушэнне беларускага заканадаўства затрымаў В. Бычкоўскага, даставіў у райаддзел міліцыі, дзе яго пратрымалі пад вартай 3 гадзіны.Так у Беларусі адбываюцца «выбары».
Мы патрабуем узбуджэння крымінальнай справы супраць асобаў, якія здзейснілі напад на Валера Бычкоўскага, у тым ліку – міліцыянта Бейдука А.М.
Мы заклікаем беларускую і міжнародную грамадскасць выказаць салідарнасць з Валерам Бычкоўскім і аказаць яму падтрымку.
Мы мусім разам сказаць:
Не – палітычным рэпрэсіям! Не – выбарам без выбараў! Свабоду народу! Жыве Беларусь!
Сустаршыні Руху Салідарнасці «Разам»: Юрый Ляшэнка Алесь Макаеў Алена Талстая
14.09.2019 г. г. Менск
Фота: Алена Талстая www.facebook.com