Недзяржаўным СМІ адмоўлена ў допуску на суд па справе „Белгазпрамбанка”



Недзяржаўным СМІ адмоўлена ў допуску на папярэдняе пасяджэнне па справе „Белгазпрамбанка”, якое пройдзе 4 лютага ў будынку суда Маскоўскага раёна Менска.

У Вярхоўным судзе, пад чыёй юрысдыкцыяй адбудзецца працэс, такое рашэнне растлумачылі эпідэміялагічным становішчам і недахопам месцаў у зале.

На папярэднім пасяджэнні будуць прысутнічаць толькі шэсць абвінавачаных, з якімі заключаныя дасудовыя пагадненні аб супрацоўніцтве. Экс-старшыні праўлення „Белгазпрамбанка”, былога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі сярод іх няма.

Вярхоўны суд на сваім сайце папярэдзіў, што ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй будуць прынятыя меры па недапушчэнні распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі і забеспячэнні сацыяльнага дыстанцыявання пры рассаджванні ў зале судовага пасяджэння.

Пра гэта ж папярэдзілі ў прэс-службе Вярхоўнага суда журналістаў, якія акрэдытоўваліся на суд. Карэспандэнту БелаПАН прэс-сакратар Вярхоўнага суда Юлія Ляскова сказала, што ператэлефануе вечарам і скажа, ці ўхваленая заяўка на акрэдытацыю. „Допуск у залу ажыццяўляецца з улікам колькасці месцаў і эпідэміялагічнага становішча”, — сказала яна.

Пасля 18 гадзін стала вядома, што заяўка не ўхваленая. Акрамя карэспандэнта БелаПАН на пасяджэнне суда не пусцяць журналістаў штомесячніка „Белорусы и рынок”, партала onliner.by, газеты „Комсомольская правда” в Белоруссии”. Пры гэтым вядома, што на пасяджэнне пусцяць журналістаў расейскіх СМІ: РІА Новости, ТАСС, а таксама Sputnik Беларусь.

Пра тое, што суд над Віктарам Бабарыкам і іншымі абвінавачанымі па справе „Белгазпрамбанка” будзе адкрытым, не раз казалі вышэйшыя чыноўнікі. Напрыклад, пра гэта ў снежні, выступаючы перад працоўнымі і кіраўніцтвам прадпрыемства „Гродна Азот”, заявіў кіраўнік КДБ Іван Церцель: „Лялькаводаў расейскіх вы ўбачыце, таварыш Бабарыка пойдзе ў суд, усё гэта будзе галосна і адкрыта”.

Прыводзіў словы Аляксандра Лукашэнкі аб адкрытым судзе над Бабарыкам былы член яго каманды бізнесмен Юрый Васкрасенскі. У эфіры СТВ ён абвясціў умову вызвалення экс-банкіра, якую яму нібыта назваў Лукашэнка на сустрэчы ў СІЗА КДБ у кастрычніку мінулага года: „Калі Віктар спытаў: „Што са мной?” — прэзідэнт сказаў: „З табой усё проста. Я не хачу, каб ты сядзеў, таму вярні грошы скрадзеныя — і не будзеш сядзець”. На гэта Бабарыка парыраваў, што інфармацыя аб выкрадзеных ім грошах не адпавядае рэчаіснасці, ён нічога не прысвойваў. Тады Лукашэнка заявіў: „Хто што прысвойваў, будзе відаць на адкрытым судзе”.

БелаПАН