„Нелегальная міграцыя напярэдадні вучэнняў „Захад-2021″ — пагроза нацыянальнай бяспецы Літвы”
Нелегальная міграцыя з боку Беларусі напярэдадні беларуска-расейскіх вайсковых вучэнняў „Захад-2021” з’яўляецца нацыянальнай пагрозай для Літвы, заявіла 13 ліпеня ў парламенце прэм’ер-міністр Інгрыда Шыманіце.
„Відавочна, што сёння мы сутыкаемся з асаблівай праблемай, на якую складана глядзець інакш, чым як на гібрыдную атаку, — цытуе кіраўніка літоўскага ўрада балтыйскае інфармагенцтва BNS. — У кантэксце буйнамаштабных ваенных вучэнняў „Захад”, якія маюць адбыцца, мы павінны паставіцца да гэтых дзеянняў асабліва сур’ёзна і разглядаць іх як пагрозу нацыянальнай бяспецы”.
Паводле яе слоў, „невядома, хто можа прыбыць у Літву з групай мігрантаў” падчас гэтых вучэнняў.
Шыманіце заявіла, што Літве „вядома некалькі беларускіх кампаній, якія займаюцца перавозкай мігрантаў”. Яна падкрэсліла, што гэта „легальна дзейныя кампаніі, якія займаюцца турыстычным бізнесам”. Цяпер, паводле слоў Шыманіце, з краінамі ЕЗ вядуцца перамовы аб прымяненні да гэтых кампаній санкцый.
За мінулыя суткі ў Літве затрыманыя 56 нелегальных мігрантаў, якія перасеклі мяжу з боку Беларусі. Для параўнання: у студзені 2021 года на мяжы з Беларуссю затрымалі 20 чалавек, у лютым — 13, сакавіку — 8, красавіку — 70, маі — 77, чэрвені — 473, ліпені — 1.055.
Усяго з пачатку года памежнікі затрымалі на літоўска-беларускай мяжы 1.716 нелегалаў: прыкладна ў 21 раз больш, чым за ўвесь 2020-ты. Сярод затрыманых грамадзяне Ірака (835), Конга (198), Камеруна (121), Гвінеі (78), Ірана (68) і іншых краін, а таксама асобы, у якіх пры сабе не было дакументаў.
Міністр абароны Арвідас Анушаўскас у эфіры радыёстанцыі LRT 13 ліпеня заявіў, што Літве ўдалося ўстанавіць некаторых арганізатараў і выканаўцаў схем нелегальнай міграцыі ў ЕЗ з боку Беларусі, а таксама „кампаніі, установы і арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у іх”.
„Гэтыя людзі, скажам так, пэўным чынам карыстаюцца добразычлівасцю дзяржаўных чыноўнікаў для правядзення такой кампаніі, — заявіў міністр. — Не магу ігнараваць той факт, што для гэтых людзей межы адкрываюцца з вельмі падрабязнымі інструкцыямі. Яны (нелегальныя мігранты. — БелаПАН.) самі заяўляюць аб тым, што людзі ў камуфляжы даюць ім інструкцыі, кажуць ім, як знішчаць дакументы, як праходзіць апытанні, якія адказы даваць”.
Паводле яго слоў, уключэнне адказных за гэта асоб і арганізацый у санкцыйны спіс Еўразвязу з`яўляецца „пытаннем часу”.
„Фактычна, гэта можа закрануць авіякампаніі, якія таксама заплюшчылі вочы і ўцягнутыя ў гэты паток. Іх не так шмат, але яны задзейнічаны. Наконт „Белавія” зразумела, на яе ўжо накладзеныя санкцыі, але ёсць і пасрэднікі, якія забяспечваюць стыкоўныя рэйсы і гэтак далей”, — сказаў Анушаўскас.
Як паведамлялася, з-за рэзкага павелічэння колькасці нелегалаў урад Літвы аб`явіў надзвычайнае становішча на нацыянальным узроўні. Кіраўніцтва краіны неаднаразова наўпрост абвінавачвала беларускія ўлады ў тым, што яны свядома спрыяюць росту патокаў нелегальнай міграцыі.
Да аховы мяжы ў дапамогу пагранічнікам прыцягнулі сілы іншых літоўскіх ведамстваў, армію, дапамогу аказваюць прадстаўнікі Еўрапейскай службы памежнай і берагавой аховы (Frontex) і памежнікі Эстоніі.
9 ліпеня Літва пачала будаваць на мяжы загароду з калючага дроту. Паралельна будуецца плот.
Вучэнні „Захад-2021” пройдуць 10—16 верасня на тэрыторыі Беларусі і Расеі. У аснову манеўраў, паводле інфармацыі Мінабароны Беларусі, пакладзены „адзін з варыянтаў паэтапнай эскалацыі ваенна-палітычнага становішча вакол умоўных краін”.
Падчас вучэнняў мяркуецца „апрабаваць новыя спосабы сумесных дзеянняў зводных штурмавых падраздзяленняў на высока ўрбанізаванай мясцовасці; ацаніць эфектыўнасць новых і мадэрнізаваных узораў узбраення і ваеннай тэхнікі; пераняць баявы вопыт расейскіх афіцэраў і, выкарыстоўваючы яго, працягнуць удасканальваць формы і спосабы прымянення войскаў”.
Прадстаўнікі Літвы і Украіны неаднаразова выказвалі асцярогі ў сувязі з вучэннямі, якія маюць адбыцца.
У сваю чаргу міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін, выступаючы 23 чэрвеня на IX Маскоўскай канферэнцыі па міжнароднай бяспецы, заявіў, што вучэнні „Захад-2021” — гэта „не бразганне зброяй”, а „нармальная рэакцыя ў адказ на беспрэцэдэнтны рост колькасці мерапрыемстваў аператыўнай падрыхтоўкі краін — членаў НАТА паблізу нашых межаў”.
Апошні раз сумесныя стратэгічныя вучэнні „Захад” праводзілі ў верасні 2017 года на тэрыторыі Беларусі і заходніх абласцей Расеі. У манеўрах удзельнічала каля 13 тысяч вайскоўцаў.