Немагчыма спыніць ідэю – Партыя БНФ пра суд з нагоды яе ліквідацыі
Рашэнне Вярхоўнага суда пра ліквідацыю Партыі БНФ не зможа спыніць рух грамадства да пашырэння нацыянальна-дэмакратычных каштоўнасцяў, паколькі „немагчыма спыніць ідэю, час якой прыйшоў”.
Пра гэта гаворыцца ў заяве Партыі БНФ, апублікаванай у сувязі з разглядам у Вярхоўным судзе справы пра ліквідацыю партыі. Пасяджэнне прызначанае на сёння. У партыі нагадалі, што нават не спрабавалі перарэгістравацца па новых правілах.
Паколькі абноўлены закон „Аб палітычных партыях” патрабуе, каб партыі забяспечвалі „выкананне асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, якія зацвярджаюцца Усебеларускім народным сходам”. А цяперашняя палітыка беларускіх уладаў цалкам супярэчыць ідэям руху БНФ. Аўтары заявы нагадваюць, што асноўныя праграмныя каштоўнасці Партыі БНФ — гэта свабода, незалежнасць, адраджэнне.
„Без іх беларуская дзяржаўнасць не можа быць паўнавартаснай, і яны абавязкова будуць рэалізаваныя ў Беларусі”, — гаворыцца ў заяве партыі.