Нерэгістрацыю васьмі прэтэндэнтаў у кандыдаты прызналі слушнай



Нерэгістрацыю васьмі прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты палаты прадстаўнікоў прызналі слушнай. Абласная тэрытарыяльная выбарчая камісія Гародні назвала прычыны, па якіх прадстаўнікі ад дэмакратычных партыяў і самавылучэнцы не атрымалі пасведчання кандыдата і зышлі з выбарчага працэсу. Частка прэтэндэнтаў не заверыла копіяў працоўных кніжак, а адзін прэтэндэнт нават не прынёс дакументу, які пацвярджае ягоную адукацыю.

Кажа прысутны на паседжанні абласной камісіі назіральнік Раман Юргель:

— Асноўныя прычыны былі ў тым, што некалькі чалавек не прынеслі ў акруговую выбарчую камісію на рэгістрацыю копіяў дакументаў пра сваю асвету, а прынеслі проста ксеракопіі. І там, у прысутнасці міжнародных назіральнікаў з Польшчы і ЗША, кожнаму патлумачылі, што такое ксеракопія,а што з’яўляецца копіяй для падачы ў акруговую выбарчую камісію.  

Апроч прадстаўніка ад Беларускага Хельсінскага камітэта за паседжаннем абласной выбарчай камісіі сачылі замежныя назіральнікі з Польшчы і ЗША. Усе незарэгістраваныя па гарадзенскіх акругах працягнуць аспрэчваць гэтае рашэнне праз абласны суд.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня