Неўзабаве ў Вашынгтоне стартуе стратэгічны дыялог паміж ЗША і беларускім дэмакратычным рухам



У наступную сераду, 6 снежня, у Вашынгтоне стартуе стратэгічны дыялог паміж ЗША і беларускім дэмакратычным рухам. Пра гэта паведамляе рэсурс „Позірк” са спасылкай на галоўнага дарадцу Святланы Ціханоўскай Франка Вячорку.

Фота: ТГ-канал Святланы Ціханоўскай.

Дыялог працягнецца два дні. У ім, акрамя Ціханоўскай, возьмуць удзел прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінета, Каардынацыйнай рады, трэцяга сектара, незалежных СМІ, прафсаюзаў і моладзі.

Правядзенне гэтай сустрэчы ў канцы лістапада абмяркоўвалася падчас тэлефоннай размовы Ціханоўскай з памочнікам дзяржсакратара ЗША па пытаннях Еўропы і Еўразіі Джэймсам О’Браенам.

Вячорка нагадаў, што раней О’Браен займаўся ў амерыканскім урадзе каардынацыяй санкцый, у тым ліку супраць уладаў Беларусі.

У рамках візіту ў ЗША Ціханоўская таксама возьме ўдзел у слуханнях па Беларусі, якія арганізуе 5 снежня Камітэт па замежных справах Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША.