Незалежнасць краіны і пенсія для Аляксандра Лукашэнкі
Дзве ідэі – незалежнасць краіны і пенсія для Аляксандра Лукашэнкі. І з такім пасылам да беларускага грамадства павінен ісці адзіны кандыдат, якога праз праймерыз плануе вылучыць беларуская апазіцыя. Кажа журналістка і палітычны аналітык Святлана Калінкіна.
Напярэдадні 5 палітычных дэмакратычных структураў дамовіліся пра вылучэнне адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года.
Святлана Калінкіна лічыць, што выбар адзінага кандыдата – слушная пазіцыя:
– Больш за тое, я лічу, што калі ў апазіцыі не будзе адзінага кандыдата, увогуле не мае сэнсу ўдзельнічаць у выбарах, бо іх няма. Гэта весці сваіх прыхільнікаў, тых, хто выступае за іншую Беларусь, за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі, за змену кіраўніка краіны, гэта не мае сэнсу тады рабіць, бо ты будзеш іх весці на паразу ці нават на суды і на крымінальныя справы.
У беларускім грамадстве існуе выразны запыт на адзінага кандыдата, які прапануе альтэрнатыву тупіковаму курсу дзейснай улады. Так ініцыятары праймерыз аргументуюць сваю пазіцыю. Імя кандыдата назавуць у другой палове траўня. У працэсе ўдзельнічаюць рух «За свабоду», БХД, БСДП (Грамада), Партыя БНФ і Аб’яднаная грамадзянская партыя, але дэкларуецца, што ў працэдуры выбару адзінага кандыдата можа паўдзельнічаць любы ахвочы грамадзянін Беларусі па ўсёй краіне.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя