Незалежнасць можа абараніць толькі сам народ
Споўнілася 20 гадоў з пачатку „Менскай вясны” – хвалі шматтысячных дэманстрацый і мітынгаў увесну 1996 году ў падтрымку незалежнасці Беларусі. Па меркаванню палітыка і грамадскага дзеяча, аднаго з былых кіраўнікоў Беларускага Народнага Фронту Лявона Баршчэўскага, дзясяткі тысяч грамадзянаў краіны выходзілі тады на вуліцы, каб адстаяць яе незалежнасць, над якой тады навісала рэальная пагроза.
– Рыхтаваўся праект вельмі небяспечнага саюзнага дагавору, які, па сутнасці, нават цяжка прадказаць, да чаго мог прывесці, калі б грамадства наша было б пасіўным, калі б не было гэтых выступаў – адзін за адным. Першы выхад, які паказалі ўсе каналы, 24-га сакавіка. І другі выхад 2-га красавка, які, па сутнасці, спыніў прыняццё першай версіі саюзнай дамовы. Прымчаўся дзяржсакратар Рыбкін ужо з новым тэкстам, і хуценька перапісалі гэтую саюзную дамову.
Расейская эліта ўбачыла, што так проста скасаваць ці моцна абмежаваць суверэнітэт Беларусі не атрымаецца, і што Аляксандр Лукашэнка не карыстаецца настолькі моцнай падтрымкай, каб праводзіць палітыку інтэграцыі Расеі і Беларусі без уліку грамадскай думкі краіны. І гэта астудзіла шмат „гарачых галоў” з атачэння Барыса Ельцына, – лічыць Лявон Баршчэўскі.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя