Дзяніс Садоўскі: Кіраўнік дзяржавы ўжо можа быць зняты з выбараў за парушэнні заканадаўства (абноўлена)



“Дзейны кіраўнік дзяржавы ўжо можа быць зняты з выбараў за парушэнні заканадаўства”, – з такой заявай выступіў каардынатар кампаніі “Права выбару – 2015” Дзяніс Садоўскі:

– Калі прадстаўнікі дэмакратычных сіл Таццяна Караткевіч ды Анатоль Лябедзька паводзяць сябе ў рамках заканадаўства, а што тычыцца ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі, то парушэнняў заканадаўства ўжо зараз дастаткова, каб, як мінімум, вынесці папярэджанне, а як максімум, – зняць Аляксандра Лукашэнку з выбарчай гонкі. Фактаў, калі подпісы збіраюцца дырэктарамі прадрыемстваў, пад разнарадку зафіксавана ўжо дастаткова, а таксама дастаткова зафіксавана фактаў раздачы друкаваных матэрыялаў. Калі бы такія факты былі зафіксаваныя ў дэмакратычнага кандыдата, кандыдат быў бы зняты з гонкі.

Акрамя таго, назіральнікі сведчаць пра выпадкі ціску на ініцыятыўныя групы апазіцыянераў з боку ўладаў.

Адзначым, што кампанія “Права выбару – 2015” ладзіць доўгатэрміновае назіранне за хадой выбарчай кампаніі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Ініцыятыўныя групы апазіцыянераў трываюць ціск з боку ўладаў. Па просьбе Беларускага Радыё Рацыя некаторыя факты агучыў каардынатар кампаніі “Права выбару – 2015” Дзяніс Садоўскі:

– Напрыклад, 3 жніўня ў Берасці падчас святкавання Дня горада невядомы мужчына спрабаваў перашкодзіць збору подпісаў ініцыятыўнай групе Таццяны Караткевіч. Вядома таксама, што была спроба арганізаваць велапрабег ініцыятыўнай групы Караткевіч, але такая магчымасць не была прадастаўлена. Нашыя назіральнікі з Гомельскай вобласці паведамлялі, што супрацоўнікі прадпрыемства “Беларусьнафта” адмаўляюцца ставіць подпісы і тлумачаць гэта тым, што адміністрацыя прадпрыемства пагражала ім звальненнем за падобны ўчынак. 29 ліпеня ў Менску быў затрыманы беларускі музыка і пісьменнік Леанід Зубара за тое, што ён у час пікетавання раздаваў марозіва літоўцам ад імя Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Дзяніс Садоўскі падкрэслівае, што агульная карціна падчас збору подпісаў ствараецца прыгожая. Абсалютная большасьць пікетоўцаў працуе без перашкодаў.

Кампаніі “Права выбару” будзе адсочваць сітуацыю далей.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота pvby.org