Незарэгістраваны Алесь Лагвінец працягвае ўдзельнічаць у пікетах
Выдаленне з выбарчага працэсу моцных дэмакратычных прэтэндэнтаў адбылася яшчэ падчас рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты парламента. Так Акружная выбарчая камісія не зарэгістравала кандыдатам намесніка старшыні Руху “За Свабоду” Алеся Лагвінца, які вельмі крэатыўна і гучна правёў кампанію па збору подпісаў. Цяпер Алесь наведвае рэгіёны, дзе ўдзельнічае ў перадвыбарчых пікетах.
Нядаўна ён наведаў Полацак, дзе прыняў удзел у пікеце кандыдата ад Руху “За Свабоду” Вольгі Дамаскінай. Пікет праходзіў у спальным мікрараёне Марыненка.
Алесь Лагвінец:
– Бачна, што ідзе дэградацыя інфраструктуры ў мікрараёне. Бачна, што людзі мала ў што вераць. З іншага боку, што цешыла, мы, паставіўшы на пікеце пяць бел-чырвона-белых сцягоў, стварылі штосьці нечаканае для людзей, і людзі маладога веку, да сарака год, вельмі пазітыўна на гэта рэагавалі, некаторыя з дзецьмі падыходзілі і фатаграфаваліся. А што тычыцца старэйшага пакалення, сапраўды ў людзей такая безнадзейнасць і поўная апатыя да палітыкі, яны ў нішто не вераць.
Працягвае Лагвінец працаваць і на сваёй выбарчай акрузе ў Менску “Нерэгістрацыя не перашкаджае дзейнічаць мне ў акрузе далей. Мы ўжо зараз сабралі больш за 100 подпісаў за вырашэнне дзвюх мясцовых праблемаў. Адна з іх — рамонт мосту праз МКАД, дзе мы ставілі пікет”, – адзначыў намеснік старшыні Руху “За Свабоду”.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з фэйсбука Вольгі Дамаскінай