“Незразумелай дэмакратыі” не будзе?
На парламенцкіх выбарах няма патрэбы гуляць у нейкую незразумелую дэмакратыю, заявіў кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, у новы парламент павінны прыйсці актыўныя, падрыхтаваныя людзі, якія змогуць вырашаць праблемы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.
Нагадаем, выбары ў Палату прадстаўнікоў шостага склікання павінны адбыцца не пазней за 17 верасня 2016 года.
Валерый Карбалевіч (Фота svaboda.org)
Валерый Карбалевіч: Асабіста ў мяне і раней не было асаблівых надзей на тое, што зменіцца сама схема правядзення выбараў. Яна пройдзе па звычайнаму сцэнару. А апошняе выказванне Лукашэнкі пра “незразумелую дэмакратыю” падчас выбараў толькі пацвердзіла тое, што сапраўды ўсё застанецца па-ранейшаму.
РР: Адным словам, тыя, хто марыў на хвалі так званай лібералізацыі патрапіць у парламент, сёння могуць пакінуць мары пры сабе?
Валерый Карбалевіч: Я не выключаю, што хтосьці можа патрапіць у дэпутацкае крэсла, але патрапяць не таму, што нехта правядзе выбітную выбарчую кампанію, а таму, што такое рашэнне прыме палітычнае кіраўніцтва краіны, зыходзячы з нейкіх сваіх мерканняў. Магчыма, захочуць паказаць Захаду, што ў Беларусі таксама ёсць апазіцыя. Такі варыянт не выключаецца, але варта заўважыць, што ў такім выпадку ў парламент патрапяць не сапраўдныя апазіцыянеры. Зразумела, што лідараў апазіцыі там не будзе. Магчыма, мандаты атрымаюць Гайдукевічы (альбо бацька, альбо сын) ці той жа былы кандыдат у прэзідэнты Улаховіч. Затым можна сказаць: бачыце, гэта ж былі апаненты прэзідэнта падчас прэзідэнцкіх выбараў. Можа быць, патрапяць у парламент адзін-два прадстаўнікі дэмакратычных партый ці рухаў, але якія гарантавана будуць паводзіць сябе ціха. Тэарэтычна такое магчыма.
РР: На радыкальныя змены выбарчага заканадаўства ўлады не пойдуць?
Валерый Карбалевіч: Могуць быць касметычныя змены. Напрыклад, падчас прэзідэнцкіх выбараў улады патлумачылі лібералізацыю выбарчых працэдур тым, што, маўляў, стварылі больш спрыяльныя ўмовы для галасавання інвалідаў. Назвалі гэта прагрэсам. Нешта падобнае магчыма і зараз. Могуць таксама паказаць празрыстыя скрыні, як курс на празрыстыя выбары. А на рэальныя змены ў Выбарчым законе ўлады не пойдуць, таму што такія выбары будуць супярэчыць самой прыродзе ўлады.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя