Ніна Багінская аштрафаваная на 50 базавых
У судах па ўсёй Беларусі працягваецца канвеер прысудаў супраць удзельнікаў акцый за незалежнасць. Адной з першых была аштрафаваная вядомая актывістка Ніна Багінская.
У судзе Першамайскага раёна разглядаўся яе ўдзел у акцыях 20 і 21 снежня. Ніна Багінская адмовілася адказваць на пытанні, якія задаюцца на расейскай мове. Суддзя на беларускую мову не перайшоў. І неўзабаве, праз 10 хвілін пасля пачатку разгляду, вынес вердыкт:
– На падставе артыкулаў 11.9, 11.10 КаАП Рэспублікі Беларусь суд пастанавіў прымяніць у адносінах да Багінскай Ніны Рыгораўны на падставе артыкула 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу на карысць дзяржавы ў памеры 50 базавых велічынь, што складае 1350 рублёў. Пастанова можа быць абскарджана і апратэставана ў Менскі гарадскі суд праз суд Першамайскага раёна горада Менска цягам 10 сутак.
Сама Ніна Багінская перад абвяшчэннем прысуду заявіла, што знаходзіцца на спектаклі і пакінула судовую залю.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск