НІСЭПД: Беларусы па-ранейшаму крытычна ставяцца да ўлады
Стаўленне беларусаў да дзяржаўнай улады застаецца „даволі крытычным”, сведчаць вынікі нацыянальнага апытання, праведзенага ў чэрвені зарэгістраваным у Літве Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных даследаванняў (НІСЭПД).
Было апытана 1.512 чалавек, памылка рэпрэзентатыўнасці, згодна са звесткамі НІСЭПД, не перавышае 3%.
42,3% рэспандэнтаў лічаць кіраўніка краіны галоўным вінаватым у цяперашнім крызісе. 35,6% апытаных усклалі адказнасць за наяўную сітуацыю на ўрад, 12,8% — на парламент. Адказваючы на аналагічнае пытанне ў сакавіку, большая частка (48,3%) апытаных вінавацілі ў крызісе ўрад, 47% — прэзідэнта, 22,7% — дэпутатаў.
Паводле інфармацыі сацыёлагаў, большасць рэспандэнтаў „крытычна паставіліся да асноўных палажэнняў вясновага паслання Аляксандра Лукашэнкі да беларускага народа і Нацыянальнага сходу”. Так, з заявай кіраўніка дзяржавы аб тым, што ўлада ўжо прыняла „ўсе неабходныя рашэнні для развіцця эканомікі” і іх „проста трэба рэалізаваць”, не згодныя 55,8% апытаных, падтрымалі Лукашэнку 31,1%.
Больш за палову рэспандэнтаў таксама не пагадзіліся з кіраўніком краіны ў тым, што „ў аснове дзяржпалітыкі ляжыць клопат пра чалавека, пра павышэнне дабрабыту і якасць жыцця беларусаў”, што „дзяржава ахоўвае правы, уласнасць і годнасць ўсіх прадпрымальнікаў, якія сумленна вядуць сваю справу”, што „дзяржорганы ў стане ствараць штогод 50 тысяч новых працоўных месцаў” і што „ў сусветным рэйтынгу па доступе да медыцынскіх паслуг Беларусь займае першае месца”. Прыкладна траціна апытаных падтрымалі гэтыя сцвярджэнні.
Больш за 45% рэспандэнтаў лічаць, што Лукашэнка „залежыць ад карумпаваных чыноўнікаў” або нават „тым ці іншым чынам зацікаўлены” ў карупцыі ў краіне. Звыш 25% апытаных перакананыя, што яму „наўрад ці ўдасца дамагчыся істотных поспехаў, таму што карупцыя ў Беларусі невыкараняльная”. Крыху менш тых, хто лічыць, што „Лукашэнка здолее дамагчыся поспеху ў барацьбе з карупцыяй, калі правядзе рашучую чыстку шэрагаў чыноўнікаў найвышэйшага рангу і зробіць больш жорсткімі пакаранні за такія злачынствы”.
Як сцвярджаюць даследчыкі, беларусы ўсё больш крытычна ўспрымаюць змены сацыяльнай структуры грамадства, што адбываюцца пад уздзеяннем дзяржаўнай палітыкі, калі „ролю прадстаўнікоў улады ў ёй пастаянна павышаецца, а культурнай і навуковай эліты і простага народа зніжаецца”.
З меркаваннем аб тым, што сёння Лукашэнка ў першую чаргу абапіраецца на „прэзідэнцкую вертыкаль”, пагадзіліся 54,4% рэспандэнтаў (дзесяць гадоў таму такіх было 37%). За дзесяць гадоў, на думку людзей, роля чыноўнікаў як апоры прэзідэнта знізілася з 32,1 да 20,5%. Менш стала і тых, хто бачыць галоўную апору Лукашэнкі ў пенсіянерах (21,8% апытаных у чэрвені гэтага года супраць 41,4% дзесяць гадоў таму), жыхарах вёскі (11,5% супраць 30,2%), простых людзях (8,2% супраць 34,2%), у культурнай і навуковай эліце краіны (4,4% супраць 8,3%).
З тым, што Беларусь — гэта „толькі часткова мая дзяржава, і яна недастаткова абараняе інтарэсы такіх, як я”, пагадзіліся 47,1% апытаных беларусаў. Менш за 30% падтрымалі меркаванне аб тым, што „Беларусь — мая дзяржава, і яна ахоўвае мае інтарэсы”. 15,2% згодныя з тым, што „гэта не мая дзяржава, яна не ахоўвае мае інтарэсы, і я не давяраю ёй”.
Колькасць тых, хто лічыць, што практычна ўся ўлада ў краіне засяроджаная ў руках Лукашэнкі і гэта ідзе на карысць Беларусі, знізілася да 31,3% у параўнанні з вераснем 2009 года (тады такога меркавання прытрымліваліся 44,4% рэспандэнтаў). Колькасць тых, хто перакананы, што канцэнтрацыя ўлады ў руках прэзідэнта „не дае краіне нічога добрага”, за гэты ж час вырасла з 36 да 55,5%.