НІСЭПД: Рэйтынг Лукашэнкі знізіўся з 45,2% да 40%
Паводле палітолага Аляксандра Класкоўскага, на фінішы года электаральны рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі знізіўся. З вераснёўскіх 45,2% ён з’ехаў у снежні да 40% (паводле НІСЭПД). На 4% знізіўся і рэйтынг даверу да кіраўніка краіны.
Да гэтага з пачатку 2014 рэйтынгі кіраўніка Беларусі раслі, прычым, на дружную думку аналітыкаў, перш за ўсё на ўкраінскіх дражджах. Цяпер „Сярод беларусаў стала менш тых, хто мысліць у духу „Крым наш”.
Калі ў чэрвені мінулага года 62,2% рэспандэнтаў расцэньвалі далучэнне паўвыспы да Расеі як „вяртанне расейкіх зямель, аднаўленне гістарычнай справядлівасці”, то ў снежні такіх аказалася толькі 56,8%.
А вось доля тых, якія лічаць, што гэта быў „імперыялістычны захоп, акупацыя”, вырасла за тыя ж паўгода з 26,9% да 31,6%”.
На пытанне: «Пайшлі б Вы асабіста абараняць Аляксандра Лукашэнку ад якой-небудзь пагрозы?» станоўчы адказ далі амаль 19 %, а адмоўны — 62,2% (19,1% не змаглі адказаць).
На фоне зніжэння даверу да ўлады давер беларусаў да палітычнай апазіцыі па-ранейшаму застаецца нізкім: палітычным партыям давяраюць 16%, а не давяраюць каля 60%. Электаральны рэйтынг Уладзіміра Някляева складае 3,5%, Аляксандра Мілінкевіча і Міколы Статкевіча каля 3%, а Анатоля Лябедзькі і Сяргея Калякіна – ніжэй за 1%.