“Нішто не знішчыць Беларускую ідэю, якія б разбурэнні ні працягваліся”



Лідар апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання Зянон Пазьняк звярнуўся да беларусаў з віншаваннем з нагоды 27-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларусі.

У віншавальным лісце Пазьняк назваў дзень надання Дэкларацыі аб суверэнітэце канстытуцыйнай моцы найвялікшым нацыянальным святам.

«25-га жніўня 1991 года, пасля ўпартага і зацятага змагання дэпутатаў Народнага Фронту з дэпутатамі камуністычнай наменклатуры, Вярхоўны Савет аднагалосна надаў сілу канстытуцыйнага закону Дэкларацыі аб сувэрэнітэце Беларусі, прынятай у 1990 годзе», — напісаў лідар БНФ.

Зянон Пазьняк нагадаў, што пасля 25 жніўня 1991 году былі вернутыя і зацверджаныя ў якасці дзяржаўных сімвалаў бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня, створаныя новыя міністэрствы, нацыянальнае войска, амбасады, межы, беларускія грошы, грамадзянства, наладжаныя міжнародныя сувязі.

«Дзяржава Рэспубліка Беларусь была прызнана ва ўсім свеце. Пачалося культурнае і дзяржаўнае будаўніцтва вялікай Беларускай нацыі, паслядоўніка Вялікага Княства Літоўскага, гістарычных ліцвінаў і магутнай культуры. Вярнулася беларуская школа, узнікла радасць нацыянальнага існавання і светлы погляд у будучыню», — напісаў Пазьняк.

Ён дадаў, што «у 1994 годзе Беларусь стала ахвярай прамаскоўскай унутранай акупацыі, спланаванай Лубянкай і Крамлём»

«24 гады антынацыянальнай цемры мелі катастрафічныя вынікі для краіны. Але Сцяг Незалежнасці над намі лунае. Ён у гары. Нішто не знішчыць Беларускую ідэю, якія б разбурэнні ні працягваліся. Краіна вернецца ў пачатак да 25  жніўня і пойдзе наперад вялікім народам. І тады ўжо — навечна», — напісаў Зянон Пазьняк.

25 жніўня 1991 году на пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савету Беларусі Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі нададзеная сіла канстытуцыйнага закону. Таксама ў гэты дзень была прыпыненая дзейнасць Камуністычнай партыі Беларусі.

Радыё Свабода