Ніводнага еўра з еўрапейскіх грошай больш не трапіць да рэжыму Лукашэнкі



Еўразвяз больш не выдзеліць ні аднаго еўра рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, усе прызначаныя для Беларусі сродкі будуць накіраваныя на падтрымку грамадзянскай супольнасці, заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль 19 лістапада паводле вынікаў відэаканферэнцыі Савета міністраў замежных спраў ЕЗ.

„Мы больш не перавядзем ніводнага еўра рэжыму Лукашэнкі. Усе грошы пойдуць на развіццё грамадзянскай супольнасці Беларусі праз розныя няўрадавыя арганізацыі. Я не магу пакуль называць дакладныя каналы, як будуць пераведзеныя грошы, але будзьце ўпэўненыя, што Лукашэнка не пойдзе ні аднаго еўра”, — сказаў Барэль на брыфінгу, відэазапіс якога размешчаны на сайце Савета ЕС.

Падчас відэаканферэнцыі міністры замежных спраў краін Еўрасаюза пагадзіліся з неабходнасцю ўвядзення трэцяга пакета санкцый у дачыненні да Беларусі.

Адказваючы на пытанне аб далейшых санкцыях, Барэль адзначыў: „Сітуацыя з Беларуссю цалкам зразумелая — няма ніякіх пазітыўных сігналаў ад рэжыму Лукашэнкі, які працягвае адмаўляцца ад якіх-небудзь абмеркаванняў з ЕС, адмаўляецца прыняць місію АБСЕ і працягвае ажыццяўляць рэпрэсіі супраць народа. Я бачу, што ў такіх умовах ЕЗ абавязаны рэагаваць, выкарыстоўваючы ўсе наяўныя ў яго інструменты. Санкцыі — гэта адзін з іх”.

Барэль нагадаў, што ў санкцыйныя спісы ЕС уключаныя ўжо больш за 50 беларускіх чыноўнікаў, якіх ЕС лічыць датычнымі да фальсіфікацый на выбарах і рэпрэсій у дачыненні да грамадзян.

„Цяпер мы павінны перайсці да больш адчувальных захадаў, увесці санкцыі ў дачыненні да кампаній”, — сказаў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі.

Паводле слоў Барэля, краіны ЕЗ павінны ўнесці прапановы адносна новых санкцый. „Мы папрасілі іх унесці столькі прапаноў, колькі яны змогуць, і я прыкладу ўсе намаганні, каб мы здолелі як мага раней увесці гэтыя меры ў дзеянне”, — сказаў ён.

Адказваючы на пытанне, ці быў замарожаны хоць адзін рахунак у еўрапейскіх банкаў тых чыноўнікаў, якія ўжо трапілі пад санкцыі, Барэль сказаў, што не валодае інфармацыяй. „Рэалізацыяй санкцый займаецца намеснік старшыні Еўракамісіі Валдзіс Дамброўскіс”, — адзначыў ён.

belapan.by

Фота: Zheng Huansong